Знаходзім спартыўныя таленты



5 красавіка на Дзятлаўшчыне стартаваў праект "Футбол у вёсцы", у якім, як плануецца, прымуць удзел 12 сельскіх школ раёна. Нагадаем, што аўтар ідэі стварэння праекта - трэнер-выкладчык па футболе ўстановы "Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа" Уладзімір Ганчар.

Цікаўлюся ў трэнера:
- Уладзімір Юр'евіч, Ваш праект захапіў шматлікіх прыхільнікаў футбола і не толькі іх, выклікаў шквал эмоцый у дзяцей вясковых школ, маштабнасць жадаючых прыняць у ім удзел здзіўляе. Як узнікла ідэя стварэння такога праекта?

- Перад настаўнікамі з дня ў дзень паўстае пытанне: чым сёння зацікавіць дзяцей, што прапанаваць сучаснаму школьніку, каб "адвесці вока" ад тэлефонаў, смартфонаў, планшэтаў, каб выхаваць здаровага і целам, і духам чалавека. Спартыўная школа прапаноўвае шырокі спектр заняткаў: гэта футбол, лёгкая і цяжкая атлетыка, грэка-рымская барацьба. Большая частка дзяцей на трэніроўках - спартсмены гарадскіх школ або школ тэрытарыяльна блізкіх. Неабходны былі ідэі, накіраваныя на выяўленне і развіццё спартыўных талентаў у дзяцей з сельскай мясцоваці. Мне хацелася зрабіць нешта, што дапамагло б наблізіць найбольш здольных юных ігракоў да вялікага футболу. Так узнікла ідэя стварыць праект.

- Тым, хто сочыць за рэалізацыяй праекта, ужо добра вядома, што яго падтрымала Асацыяцыя Беларускай федэрацыі футбола. Чьім выкліканы такі інтарэс?
- Беларуская федэрацыя футбола зацікаўлена ў папулярызацыі гэтага віда спорту сярод людзей, якія толькі прыйшлі ў спорт, і тых, чыё сэрца ўжо шмат гадоў аддана гульні: і ігракоў, і балельшчыкаў. Працуючы ў тандэме, мы пакідаем за сабою права спадзявацца, што для шматлікіх будычых футбалістаў вялікая гульня можа пачацца з маленькай радзімы, а сярод будучых знакамітых імёнаў - імёны цяперашніх школьнікаў. Застаецца толькі сумеснымі намаганнямі зрабіць на справе для гэтага як мага больш. Дарэчы, сустрэча з прадстаўнікамі Беларускай федэрацыі футбола адбылася ў ходзе рэалізацыі праекта. Гасцей раёна сустракалі спартсмены Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

- Што стане заключным этапам праекта?
- Сустрэча лепшых спартсменаў школ раёна на фінальных спаборніцтвах ў Дзятлаве 18 мая.

- Якіх вынікаў вы чакаеце ад сустрэчы?
- Цікавай і дынамічнай гульні, актыўных ігракоў і шматлікіх балельшчыкаў.

- "Футбол у вёсцы" на гэтым спыніцца?
- Праект, які мы рэалізуем - гэта пачатковы этап, накіраваны на выяўленне лепшых ігракоў у вясковых школах. У планах - прадоўжыць працаваць у гэтым накірунку. Наступным крокам стане другі этап праекта, накіраваны на развіццё спартыўных навыкаў таленавітых юных футбалістаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/