Знаёмцеся: Аляксандр Юргілевіч



Пэўная частка нашых чытачоў з Аляксандрам знаёма. Па школе, працы ў райвыканкаме, спартыўных і турысцкіх спаборніцтвах. Цяпер - па рабоце ў страхавой кампаніі "Прамтрансінвест". Менавіта праца ў страхаванні стала нагодай для сустрэчы напярэдадні прафесійнага свята.

- Аляксандр, каторы раз сустракаеце прафесійнае свята, ці святочны настрой?
- Са жніўня 2015 года працую ў страхавой кампаніі "Прамтрансінвест". Так што гэта - пятае свята, пяты Дзень страхавых работнікаў. Ці святочны настрой? Чаму і не, калі план па страхаванні на 2019 год мы выканалі 6 лістапада.
Але варта зазначыць, что планы вельмі напружаныя. Пастаянна прыходзяць да нас новыя страхавацелі - як фізічныя асобы, так і арганізацыі. Аб'ёмы страхавання растуць з кожным годам.

- Калі параўнаць першыя дні працы і дзень сённяшні, што змянілася?
- Набыты значны вопыт. I ўсё больш людзей звяртаецца па кансультацыі: і тыя, хто ўжо застрахаваны, і хто толькі збіраецца гэта зрабіць.

- Ці часта даводзіцца чуць словы падзякі?
- Зразумела, што падзяка заўсёды прыемная. Выказваюць яе і мне асабіста, і маім падначаленым. У тым ліку і праз газету "Перамога". Нярэдка звяртаюцца людзі, застрахаваныя ў іншых кампаніях, такіх як "TACK", "Белнафтастрах".
Нам вельмі ўдзячная была жанчына, якой дапамаглі атрымаць страхавую кампенсацыю, пра якую яна не ведала. У іншым выпадку - аказалі дапамогу ў адстойванні права страхавацеля ў Эканамічным судзе. Таму мне падабаецца працаваць з людзьмі, дапамагаць ім у розных жыццёвых сітуацыях.

- Я разумею так: страхавы выпадак можа здарыцца ў любы час. У вас праца ад "званка" да "званка" ці па сітуацыі?
- Нагрузка вельмі, вялікая. Нашымі страхавымі агентамі штодзень заключаюцца каля 20 дагавораў страхавання. 3 імі знаходжуся пастаянна на сувязі, даю неабходныя кансультацыі да заключэння дагавароў. Затым усе заключаныя дагаворы паступаюць да мяне, я іх апрацоўваю. Па пятніцах мой рабочы дзень, паводле графіка, павінен заканчвацца ў 16.15, аднак сыходжу з работы ў 19 ці 20 гадзін. Працуем без абеда.
Справа ў тым, што вельмі шмат даводзіцца кансультаваць па тэлефоне, нярэдка даваць кансультацыі зусім незнаемым людзям.

- Наколькі ведаю, ў нашым раёне страхаваннем заняты некалькі кампаній. Ва ўмовах канкурэнцыі працаваць складана?
- Наяўнасць некалькіх кампаній дае кліентам-страхавацелям права выбіраць. Этычнасць і павага - нашы галоўныя прыярытэты ў адносінах да канкурэнтаў. Спадзяёмся на такія ж адносіны і да нас.

- Аляксандра Юргілевіча ведаюць, як спартсмена. Ездзіце на судзейства. А якому віду спорта аддаяце перавагу?
- Я шмат катаюся на веласіпедзе, на ролікавых каньках. Хаджу плаваць у басейн. А сёлета асабліва захапіўся бегам. Упершыню прыняў удзел у Мінскім марафоне. Прабег 11 кіламетраў. На наступны год паспрабую адолець паўмарафон - 21 кіламетр.

- Як удаецца сумяшчаць працу, трэніроўкі, спаборніцтвы?
- Спортам займаюся пасля работы і ў выхадныя дні. Найлепшы адпачынак - прабежка на 10-12 кіламетраў. Для таго, каб бегаць патрэбны толькі спартыўны абутак і жаданне. Магу з'ездзіць на веласіпедзе ў Навагрудак і назад, на ролікавых каньках праехаць 3-10 кіламетраў па гарадскім стадыёне, праплыць 1000 метраў у басейне. На працягу дня знайсці 40-50 вольных хвілін не цяжка. Пытанне ў іншым: на што іх патраціць?

- А ёсць сябры-знаёмыя, хто падтрымлівае, падзяляе з вамі спартыўныя захапленні?
- Сваім настаўнікам і аднадумцам лічу Юрыя Скрабца. Вельмі ўдзячны яму за падтрымку. Юрый сам вядзе здаровы лад жыцця і навучыў гэтаму многіх, у тым ліку і мяне. таксама прыкладам для мяне з'яўляецца Міхаіл Бельскі: як чалавек адносіцца да свайго здароўя, як умее падахвоціць да заняткаў іншых. Менавіта Юрый і Міхаіл прымусілі мяне паверыць у тое, што першапачаткова здавалася немагчымым.

- У вас, паколькі з заданнем справіліся, можна лічыць, надышоў новы год. Які ён быў асабіста для вас і што чакаеце ад новага?
- Па-праўдзе, гэты год быў вельмі напружаны: былі даведзены высокія планавыя паказчыкі. Але, дзякуючы людзям, якія са мной працуюць, удаецца паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі. Таму, карыстаючыся магчымасцю, дзякую Аксане Шлыковіч, Жанне Ерамейчык, Вользе Скрундзь, Ірыне Станіславовіч, Анжэліцы Грыб, Алене Латушка - за іх уменне аказваць страхавыя паслугі, паспяхова працаваць з кліентамі. Віншую ўсіх са святам, і няхай нам спадарожнічаюць удача, дабрабыт і людская ўдзячнасць.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/