Зіма, лёд, рыбалка



Выдатная магчымасць выпрабаваць удачу ў лоўлі рыбы выпала рыбаловам-аматарам ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод". Адміністрацыя і прафсаюзная арганізацыя прадпрыемства падрыхтавалі для калектыву конкурс выхаднога дня, які перарос у сапраўднае свята з падарункамі, анекдотамі, дэгустацыяй юшкі.

Спаборніцтвы ладзіліся ў апошнюю суботу студзеня на возеры ў Нямковічах. У барацьбу за лідарства ўступілі чатыры каманды па чатыры чалавекі ў кожнай: "Матыль", "Мармышкі", "Шчупакі", "Юнацтва". Для ўдзельнікаў была падрыхтавана цікавая, багатая на выпрабаванні праграма, якая ўлічвала самыя папулярныя традыцыі рыбнай лоўлі.

Паколькі спаборніцтвы былі зімовыя, то першым камандным конкурсам стала свідраванне лунак. Удзельнічалі па два прадстаўнікі ад каманды. Кожны з іх павінен быў прасвідраваць па шэсць лунак. Здаецца, заданне не вельмі складанае, аднак рыбакам давялося папацець, каб паказаць лепшы час. Самымі спрытнымі і хуткімі аказаліся ўдзельнікі каманды "Матыль" Вадзім Яравы і Сяргей Пузач, другі вынік быў у каманды "Юнацтва", трэці — у каманды "Шчупакі".

Пасля таго, як судзейская калегія ў складзе старшыні прафкама завода Аляксандра Кібіня, майстра участка канцэнтраванай сыроваткі Віктара Удота, сістэмнага праграміста Сяргея Мазуры агучыла першыя вынікі, пачаўся асноўны этап спаборніцтваў. Рыбакі разышліся па замерзлым возеры шукаць найбольш "клёвыя" месцы. Лавіць дазвалялася на пяць кручкоў.

Кожны з удзельнікаў конкурсу паставіў па чатыры жэрліцы, спадзеючыся на вялікі ўлоў. Пятай у рыбакоў была звычайная зімовая вуда, на якую часцей трапляецца дробязь. Аднак яна дарэчы, бо сярод заяўленых намінацый быў конкурс на самую большую колькасць хвастоў.

Напачатку ў лідары выйшаў Іван Лях, і многія ўжо прадракалі яму перамогу, іншыя ж стараліся падсесці бліжэй у надзеі на прыкормленае месца. Аднак тры гадзіны лоўлі далі свой плён. У садках самых удачлівых удзельнікаў аказалася па некалькі дзясяткаў рыбін. Паколькі клявалі пераважна невялікія акунькі і яршы, удзельнікі рыбалкі вырашылі ўзяць перамогу колькасцю і вагой. Цяпер папацець давялося суддзям, пакуль падлічвалі "хвасты" і кілаграмы ўлову.

Як толькі падлік быў скончаны, перайшлі да кулінарнага конкурсу на самую смачную юшку. Хутка ў паветры пачалі адчувацца прыемныя пахі, а рыбакі падцягнуліся бліжэй да вогнішча.

Пасля сяброўскага абеду ўдзельнікі зімовай рыбалкі былі бадзёрыя і ў выдатным настроі. I вельмі дарэчы, бо іх чакала апошняе выпрабаванне - агульнакамандны конкурс анекдотаў. Пакуль расказвалі, спрацавала жэрліца Васіля Лісоўскага. На кручок трапіў першы шчупачок за гэты дзень, праўда, ужо па-за конкурсам, аднак для памятнага фотаздымка — тое, што трэба.

Нарэшце, судзейская калегія падвяла вынікі конкурсу ў індывідуальным і агульнакамандным заліках, вызначыла пераможцаў і падпісала дыпломы. Найбольшая колькасць рыбін трапіла на вуду Віктара Снітко, крыху менш вылавіў Іван Лях, замкнуў тройку лідараў Сяргей Пузач.

Самую вялікую рыбіну здолеў злавіць Дзмітрый Кучынскі, крыху меншую — Дзмітрый Ломаць, трэцім у гэтай намінацыі стаў Сяргей Пузач. Найбольш важкі ўлоў аказаўся ў Віктара Снітко, другім па вазе злоўленай рыбы стаў Сяргей Пузач, трэцім — Іван Лях.

Прызавыя месцы ў агульнакамандных конкурсах размеркаваліся наступным чынам. Безумоўнымі лідарамі рыбалкі сталі "Мармышкі" (Віктар Снітко, Іван Шумскі, Андрэй Бялятка, Вячаслаў Вянско). На другой пазіцыі замацавалася каманда "Матыль". Трэцяе месца занялі "Шчупакі".

Найменш пашанцавала камандзе самых маладых рыбакоў - "Юнацтва", але ў іх, безумоўна, усё яшчэ наперадзе. Пераможцы атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі ад ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод". А добрае надвор'е, выдатны настрой і прыемныя ўражанні сталі галоўным прызамі конкурсу выхаднога дня.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/