Жыццё, аддадзенае клопатам пра зямлю



Неяк аднаго разу ў Дзятлаўскі музей завітаў Аляксандр Кот, жыхар гарадскага пасёлка Наваельня, з прапановай паехаць у Барышына да Сямёна Сяргеевіча Ляшэвіча - уладальніка некалькіх дзяржаўных узнагарод за шматгадовую і добрасумленную працу ў калгасе "Гвардыя", ветэрана працы.

Са словаў наведвальніка зразумелі, што Сямён Сяргеевіч жыве адзінока, хварэе. Чаму ж не падтрымаць чалавека маральна, не паехаць і не запісаць успаміны пра тагачаснае калгаснае жыццё? Падзякавалі наведвальніку, паабяцалі пры зручным выпадку патэлефанаваць і наведацца ў Барышына. Праз некалькі дзён набрала нумар Аляксандра і дамовілася пра паездку.

Дарога да Барышына здалася даволі доўгай. Магчыма, таму, што ехалі надвячоркам, ужо шарэла, і па гравійцы рухаліся павольна. Увесь час размаўлялі пра Сямёна Сяргеевіча, увогуле пра жыццё ў калгасах, успаміналі нейкія факты з савецкіх часоў.

Гаспадар Аляксандра добра ведаў. Я назвала сваё імя і сказала, дзе працую. Гаворка пайшла адразу неяк легка. Сама я з вёскі, добра памятаю сваё калгаснае дзяцінства і юнацтва, таму была для Сямёна Сяргеевіча субяседнікам не з іншай планеты.

Сямён Ляшэвіч пачынаў сваю працоўную дзейнасць у пачатку 60-х гадоў. Вёў улік працадзён у калгасе "Радзіма" (цяпер ААТ "Граніт-Агра"). Старшынёй калгаса быў тады Канстанцін Львовіч Юдэнка. Праз некаторы час старшыня прапанаваў Сямёну пасаду брыгадзіра, паслаў на месячныя курсы ў Навагрудак. Брыгаду Сямён Сяргеевіч прыняў у вёсцы Кузьмічы. Тады ў кожнай вёсцы была брыгада, і вёскі спаборнічалі паміж сабой. Кузьмічы былі вёскай не апошняй у ваколіцы. Меўся свой ФАП, магазін, сельскі выканкам, дзесяцігодка.

Рабілі ўсё ўручную, праца была вельмі цяжкая. Тэхнікі мала, асноўная цяглавая сіла - коні. Ды і коні валіліся з ног. Былі моманты, калі брыгадзір выносіў ім прысуд - да вясны не дажывуць, падуць ад голаду. Калі заканчвалася сена, кармілі сечкай з саломы. Але як толькі з'яўлялася першая трава, коней выганялі на выпас, і праз месяц яны прыходзілі ў больш-менш нармальную форму. Выплату за працадні праводзілі ў канцы года. Хоць адпрацаваць у калгасе трэба было каля 30 дзён на месяц, плацілі толькі за 10 дзён. Ды і плата была смешная - 500 грамаў зерня на працадзень і 5 капеек грашыма. Прыстойна на тыя часы пачалі плаціць толькі ў 1964 годзе. Тады брыгадзіру, прыгадвае Сямён Сяргеевіч, упершыню далі 100 рублёў зарплаты.

Тэхнікі на той час у калгасах не было, усе трактары стаял! ў сельгастэхніцы ў вёсцы Міроўшчына, адтуль іх размяркоўвалі на часовую дапамогу ў калгасы. Прышлюць трактар - і працуе ён і ўдзень, і ўночы. Брыгадзір уставаў у чатыры гадзіны раніцы, ішоў на поле праверыць, колькі трактарыст узараў за ноч. Бывала такое, што трактарыст засынаў за рулём. Але неяк абыходзілася без здарэнняў, Бог мілаваў.

Калгасныя ўраджаі былі вельмі нізкія - толькі па 5-6 цэнтнераў з гектара. Калі ў 1965 годзе брыгада Ляшэвіча атрымала 10 цэнтнераў, брыгадзіра упершыню пахвалілі.

У сярэдзіне 60-х стала лягчэй. Тэхніку размяркоўвалі па брыгадах, ей распараджаўся брыгадзір, пачалі выкарыстоўваць мінеральныя ўгнаенні, выраслі ўраджаі...

Сямён Ляшэвіч адпрацаваў загадчыкам участка 45 гадоў! Аж да 2007 года. За добрасумленную працу быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Партрэт Сямёна Сяргеевіча ў пачатку 2000-х вісеў на Дошцы гонару Дзятлаўскага раёна. Годнае жыццё сумленнага і адданага працаўніка, шчырага чалавека.

Пасля сустрэчы з гаспадаром на душы было неяк светла і хораша. Напэўна, таму, што сам Сямён Сяргеевіч вельмі светлы і чысты чалавек, шчыра верыць у Бога і гэтым жыве.

Алена АБРАМЧЫК, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/