Жанчыны, якія з мячом на "ты"



3 27 лютага па 9 сакавіка праходзіла першынство Дзятлаўскага раёна па валейболе сярод жаночых аматарскіх каманд. На ўдзел былі заяўлены пяць каманд: "Белтэрміз", гімназія №1 горада Дзятлава, "Ізакам", СШ №1 горада Дзятлава, Дзятлаўская ЦРБ.

Па выніках гульняў каманды гімназіі №1 горада Дзятлава, "Ізакам" і СШ №1 горада Дзятлава набралі аднолькавую колькасць перамог і ачкоў. Размеркаванне месцаў вызначалася па суадносінах выйграных і прайграных мячоў ва ўсіх сустрэчах.

Трэцяе месца заняла каманда гімназіі №1, чацвёртае - у СШ №1, а пятае - у "Ізакама".

Апошняй адбылася гульня паміж камандамі "Белтэрміз" і Дзятлаўскай ЦРБ. Менавіта гэтая гульня вызначыла пераможцаў дадзенага першынства. Каманда Дзятлаўскай ЦРБ выйграла першую партыю з лікам 25:22.

Перад пачаткам другой партыі трэнер каманды "Белтэрміз" Васіль Русін змяніў пачатковую расстаноўку валейбалістаў на пляцоўцы, пасля чаго каманда атрымала ўпэўненую перамогу з лікам 25 : 19, аднак у трэцяй партыі прадстаўнікі Дзятлаўскай ЦРБ усё ж выйгралі з лікам 15:12.

Каманда-пераможца ўзнагароджана кубкам, а "срэбра" дасталося камандзе "Белтэрміз". Сімвалічная зборная першынства: Марыя Баравік (Дзятлаўская ЦРБ), Анастасія Каракулька, Дзіяна Крамянеўская, Вераніка Адамчык ("Белтэрміз"), Вольга Радомская (гімназія №1 горада Дзятлава), Вольга Дзірвук ("Ізакам").

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/