Жанчына-рамантык і летуценніца



Бывае, чалавек западае ў сэрца. Вось проста так, ні з чога ні з якага, адным разам, раптам разумеет, што ён блізкі табе духоўна, родная душа. Такая сустрэча - сапраўдная радасць, асабліва для людзей, якія шмат бачылі і шмат у кім расчараваліся за сваё немалое жыццё. Відаць, Бог пасылае нам гэтых людзей, зводзіць нас разам, каб не былі адзінокімі сярод тлуму і непагоды сацыяльнага і палітычнага жыцця, людской мітуслівасці і нявызначанасці. Такім чалавекам для мяне стала Вольга Міхайлаўна Старыкава, добра вядомая дзятлаўчанам як настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1, майстрыха-вышывальшчыца з залатымі рукамі, актывістка, удзельніца шматлікіх конкурсаў педагагічнага майстэрства.

Успамінаецца раённы этап конкурсу "Настаўнік года-2014", у якім ад гімназіі, дзе я працавала намеснікам дырэктара па навучальна-метадычнай рабоце, выступала Наталля Паўлаўна Клімец. Безумоўна, мы перажывалі за нашу настаўніцу, як маглі, падтрымлівалі яе, прысутнічалі на фінале. Аднак асабіста мяне вельмі ўразіла і выступленне Вольгі Міхайлаўны. Помніцца, з якім імпэтам яна прадстаўляла сябе на сцэне, колькі ў яе выступленні было шчырасці, адкрытасці, непасрэднасці.

Голас гучаў нібы з рэпрадуктара - высокі, дыктарскі, хвалюючы. А калі дзеянні на сцэне скончыліся і можна было падысці да стэнда, дзе канкурсантка прадстаўляла свае вышываныя работы, - проста дух заняло. Як можна такую прыгажосць зрабіць сваімі рукамі і колькі дзеля гэтага трэба правесці гадзін пад настольнай лямпай, направяраўшыся сшыткаў і напісаўшыся планаў урокаў на наступны дзень! Гэта проста феномен нейкі! А сама Вольга Міхайлаўна нібы саромелася, адказваючы на пытанні цікаўных. Было такое ўражанне, што чалавек стварае тэту прыгажосць для сябе і сваіх блізкіх, а тут вось давялося выставіць на суд гледачоў.

А потым былі выпадковыя сустрэчы ў гімназіі, куды Вольга Міхайлаўна часта завітвала да Святланы Іосіфаўны Кетко, нашай настаўніцы інфарматыкі. Яны разам удзельнічалі ў шматлікіх інтэрнэт-праектах - і перамагалі. Не дзеля славы перамагалі, а проста імкнуліся зрабіць жыццё сваіх вучняў цікавым і насычаным, далучыць іх да праектаў і новых тэхналогій. Перамогі - гэта бумеранг, ён жа не заўсёды бывае адмоўны, як пакаранне. Бывае і як узнагарода. За бескарыслівасць, адданасць справе, шчырасць душы. Не дарма ж кажуць: рабі сваю справу, а калі Бог тага пажадае, узнагарода знойдзе свайго героя. I настаўніца Вольга Старыкава робіць гэту справу так, як разумев, як дыктуе тое яе сумленне.

Калі ж жыццёвыя дарогі прывялі мяне ў Дзятлаўскі краязнаўчы музей, настаўніца разам са сваім класам стала пастаянным наведвальнікам інтэрактыўных заняткаў, выставаў, сустрэч са знакамітымі землякам!, мерапрыемстваў. Прыгадваецца, як на Ноч музеяў, у 2018 годзе, вучні яе класа дапамагалі нам ставіць гістарычныя сцэнкі з мінулага дзятлаўскага краю. Мы шылі касцюмы, рэпеціравалі разам, а потым прадстаўлялі гораду князя Астрожскага, Мікалая Фаўстына Радзівіла, які сядзеў у аўтэнтычным крэсле з дзятлаускага палаца, Сапегу.

Гартаеш фотаздымкі двухгадовай даўнасці - і цеплыня ўдзячнасці разліваецца на сэрцы. Якія харошыя дзеці! Шкада, што ўжо выпусціліся і могуць завітаць у музей толькі зрэдчас, наведваючыся да бацькоў. Ды што тут казаць, вучні ў класе заўсёды падобныя на свайго класнага, гэта бясспрэчная ісціна. Інакш і быць не можа. Класная - чалавек ўтарытэтны, дысцыплінаваны, строгі, мэтанакіраваны. Такія ў яе і вучні. Мець падобную класную - вялікае шчасце.

Магчыма, многія выпускнікі зразумеюць гэта не ў час вучобы ў школе, а значна пазней, але абавязкова зразумеюць і не раз падзякуюць за прынцыповасць і строгасць. А сёлета Вольга Міхайлаўна паўстала перад супрацоўнікамі нашага музея ў новай ролі - ролі калекцыянера. Мы збіралі выставу, шукалі ў Дзятлаве і раёне калекцыянераў, і выпадкова ад яе самой даведаліся, што збірае паштоўкі, напарсткі, магніты і шмат што яшчэ. Дамовіліся, што яна збярэ толькі тыя рэчы, якія больш ніхто на выставе не прадставіць, а мы завітаем у госці.

I завіталі. Праўда, сама настаўніца паехала да дачкі Дашы, якая нарадзіла немаўлятка, сабраныя калекцыі нам аддала яе цётка. Прынеслі, разгарнулі - цуд! Рознакаляровыя напарсткі з рознага матэрыялу і з розных краін свету. Тут і з фарфору, і з латуні, і з мельхіёру, і касцяныя. А магніты! Дзе толькі не была калекцыянер за свае жыццё: у Германіі, Даніі, Бельгіі, Галандыі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Чэхіі, Грузіі, Літве, Латвіі, Польшчы, у многіх рэгіёнах Расіі ад Калінінграда да Іркуцка. I з кожнага падарожжа прывозіць у калекцыю рэчы.

А яшчэ падарожнічаюць па ўсім свеце яе дочкі і таксама, ведаючы, што мама азартны збіральнік, прывозяць у яе калекцыю новыя экспанаты. Набывае Вольга Міхайлаўна рэчы і па пошце, мяняецца з калекцыянерамі, выпісвае на сайтах. Карацей кажучы, захопленая настолькі, што бывае не лічыцца ні з часам, ні са сродкамі, хоць настаўніцкі заробак не такі значны, каб купляць рарытэты.

Яшчэ адзін скарб калекцыянера Старыкавай - паштоўкі з розных гарадоў свету. Збіранне паштовак пачалося яшчэ ў школе. У савецкі час сярод школьнікаў была шырока распаўсюджана перапіска з равеснікамі з розных краін свету. У школах працавалі інтэрнацыянальныя клубы, якія ўзначальвалі настаўнікі замежнай мовы. Дзеці пісалі лісты ў іншыя краіны, укладаючы ў іх паштоўкі, ім прысылалі адказы таксама з паштоўкамі. А Вользе падабаліся начныя гарады. Яе здзіўляў выгляд тых гарадоў: яркія ілюмінацыі, рознакаляровая падсветка. Такога на нашых вуліцах не было. Паштоўкі з калекцыі раскладзены па альбомах, гартаць якія - сама любата. Разглядаеш - і нібы апынаешся ў далёкім Дэлі ці Сінгапуры, на іх цэнтральных вуліцах, сярод яркіх агнёў. Сапраўдная рэлаксацыя!

На адкрыцці выставы, якая нядаўна адбылася ў музеі, Вольга Міхайлаўна з цікавасцю разглядала калекцыю Вячаслава Андруніна, а потым сказала: "Я ўжо ведаю, што яшчэ буду збіраць".

Гэта вельмі добра - ведаць, куды ісці далей, чым займацца.

Вось такая яна, Вольга Міхайлаўна Старыкава, рамантык і летуценніца, светлы чалавек, Настаўнік з вялікай літары, якая таксама стала для мяне адкрыццём.

Алена АБРАМЧЫК, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/