ЖАНЧЫНА 3 НЕРАЎНАДУШНЫМ ПОГЛЯДАМ



Педагог з вялікай літары, клапатлівая жонка і матуля, грамадская актывістка — усё гэта пра Ганну Мікшут. У наступным годзе будзе 40 гадоў, як Ганна Іванаўна ступіла на педагагічную ніву, прайшла незвычайны і шматгранны педагагічны шлях. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі жанчына некалькі гадоў выкладала рускую мову і літаратуру ў адной са школ Шчучынскага раёна, а пасля вярнулася працаваць на радзіму, у Азяранскую школу нашага раёна.

Пастаянна ўдзельнічала ў песеннай і тэатральнай самадзейнасці, дзякуючы якой нават сустрэла будучага мужа:
— Мы, маладыя настаўніцы, спявалі ў школьным хоры, удзельнічалі ў канцэртах па ўсім раёне, а муж быў вадзіцелем аўтобуса, вазіў нас, так і пазнаёміліся.

У Дварэц Мікшуты пераехалі ўжо сям'ёй, тут пасля выхаду з дэкрэта Ганна Іванаўна пятнаццаць гадоў загадвала дзіцячым садком. А калі ў Дварэцкай школе патрабаваўся дырэктар, ёй прапанавалі заняць гэту пасаду. Пасля сур'ёзнага роздуму жанчына пагадзілася, восем гадоў прысвяціла дырэктарскай працы.

Па выхадзе на заслужены адпачынак настаўніца не развіталася са сваей школай — і сёння яна выкладае тут рускую мову і літаратуру, вядзе факультатывы, карыстаецца заслужанай любоўю ў вучняў і павагай у калегаў па працы. Як прызнаецца Ганна Іванаўна, работа настаўніка-філолага з усіх іншых ёй найбольш даспадобы.

3 жалем адзначае яна, што прафесія педагога з гадамі страчвае сваё некалі высокае месца ў грамадстве: усё менш выпускнікоў жадаюць звязаць сваю будучыню з педагагічнай справай. Па словах Ганны Мікшут, перамены закранулі сістэму адукацыі, аднак не змянілі яе сутнасці — даваць грунтоўныя веды вучням, развіваць іх усебакова:
— На мой погляд, галоўная задача настаўніка — не аддаць вучням усе свае веды, а зацікавіць іх так, каб яны захацелі самі падрабязней вывучыць тэму.

Па размове з заслужаным педагогам не складана ўявіць, якой жанчына была ў маладосці — улюбёнай у сваю працу, вясёлай, актыўнай і заўжды нераўнадушнай да людзей. Няўмольны час адлічыў ужо дзясяткі гадоў, а гэта іскра, якая разгарэлася аднойчы, дагэтуль асвятляе жаночае жыццё ва ўсіх яго справах. Сёння Ганна Мікшут кіруе работай Дварэцкай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" — адной з самых актыўных і дзейсных у нашым раёне.

— Грамадская актыўнасць пачалася для мяне з добрага прыкладу, — расказвае Ганна Іванаўна. — Я пачынала працаваць у дзіцячым садку (ён на той час быў у ведамстве сельскага савета) акурат тады, калі старшынёй сельвыканкама была Вера Сямёнауна Сёмуха. Яе пастаянныя турботы за сваіх землякоў, клопат і добрыя справы для людзей уражвалі і захаплялі. Калі ў 90-я гады ўтвараўся жансавет, Вера Сямёнауна прапанавала мне ўзначаліць гэтае аб'яднанне.

3 тых часоў жанчыны робяць агульную добрую справу — дапамагаюць тым, хто побач. Працуюць натхнёна, з душой, з песняй — разам з зямлячкамі ўдзельнічаюць у аб'яднанні ветэранаў працы "У коле сяброў", якое працуе пры мясцовым Цэнтры культуры.

Мабыць, не знойдзецца справы, якая не па плячы дварэцкім жанчынам — разам шануюць заслужаных работнікаў аграгарадка, выхоўваюць моладзь на прыкладах славутых землякоў, укараняюць здаровы лад жыцця, сочаць за грамадскім парадкам і дабрабытам свайго мястэчка, стараюцца справай дапамагчы сем'ям, якім гэта патрэбна. Цікаўлюся ў суразмоўцы, чаму ў шэрагах дварэцкіх актывістаў большасць — жанчыны.

— Таму што менавіта жанчыны — жонкі, маці, бабулі — валодаюць нераўнадушным поглядам на жыццё, не перастаюць хвалявацца за людзей.
Як прызнаецца Ганна Мікшут, яна ўжо даўно ўспрымае аграгарадок як сваю другую радзіму, заўважае, што маляўнічая прырода і адметнасці Дварца будуць цікавыя беларускім і нават замежным турыстам.

Слухаю расповед Ганны іванаўны пра любімую справу, родную зямлю і цудоўных мясцовых жыхароў, задаю пытанні і быццам упітваю яе неабсяжную любоў да ўсяго навокал: з'яўляецца жаданне пешшу прайсціся па вуліцах аграгарадка, пазнаёміцца з людзьмі, падзівіцца на архітэктуру і прыроду. Ужо па заканчэнні размовы, праводзячы мяне да дзвярэй, жанчына спыняецца, быццам згадвае нешта важнае:
— Ведаеце, мне яшчэ даўней матуля казала: ты, дачушка, шчаслівая, бо па жыцці сустракаеш добрых людзей. Кожны дзень пераконваюся, што гэта сапраўды так.

Н. СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/