Задача - выканаць планавыя паказчыкі



1 сакавіка прайшло пасяджэнне чарговай сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання пад старшынством старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага. У рабоце сесіі прынялі ўдзел кіраўнік раёна Аляксандр Дубовік, члены райвыканкама, кіраўнікі аддзелаў, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў.

3 пытаннем "Аб справаздачы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта" выступіў намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Андрей Жыдко. Ён зазначыў, што за 2018 год у раёне забяспечана выкананне ключавога паказчыка прагнозу па экспарце тавараў без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам, на 109,6%. Выкананы паказчык па колькасці працаўладкаваных грамадзян (працаўладкаваны 82 чалавекі). Выкананы паказчыкі па рознічным тавараабароце, аб'ёме будаўніча-мантажных работ, экспарце тавараў у Еўрапейскі саюз. Аднак не выкананы некаторыя іншыя прагнозныя паказчыкі, сярод якіх вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, прамысловай прадукцыі, рост намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы. Разам з тым, у 2018 годзе ў аграрным сектары раёна дасягнуты пэўныя вынікі.

У целым па раёне за мінулы год атрымана 4,8 мільёна чыстага прыбытку. На рынку працы зменшылася колькасць беспрацоўных.

У абмеркаванні асноўнага пытання прынялі ўдзел старшыня пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па мандатах, законнасці, мясцовым кіраванні і самакіраванні, ідэалагічнай рабоце Вадзім Бялятка, старшыня пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па аграрных пытаннях і ахове навакольнага асяроддзя Станіслаў Мазур, старшыня пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па сацыяльных пытаннях і справах моладзі Алена Баброўская.

- Аналізуючы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна, варта адзначыць, што за студзень-снежань 2018 года ва ўсіх галінах гаспадарчай дзейнасці прымаліся пэўныя меры па выкананні даведзеных заданняў і паказчыкаў, - звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік. - Шчыра кажучы, ад сельскай гаспадаркі мы чакалі большага. Вядома, можна спасылацца на засуху, аднак у нас яшчэ поўнасцю не выкаранены безгаспадарлівасць, безадказнасць, тэхналагічныя парушэнні. Калі сур'ёзней падыдзем да гэтых пытанняў - вынікі будуць.

Што тычыцца прамысловасці, толькі Наваельнянскі КХП і Дзятлаўская сельгастэхніка выканалі даведзенае заданне больш чым на 100%. Лепшых вынікаў мы чакалі ад Дварэцкага льнозавода, Дзятлаўскага сыраробнага завода, Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода "Алгонь". Сёлета прымем неабходныя меры, каб актывізаваць іх работу. Больш увагі трэба звярнуць і на павышэнне экспартнага патэнцыялу нашага раёна. Па экспарце паслугаў не толькі ў раёне, але і ў вобласці лідзіруюць санаторыі "Радон" і "Альфа Радон". Трэба развіваць таксама агратурызм. Непакояць нерэнтабельныя арганізацыі раёна, для якіх трэба выпрацаваць комплекс мер, што палепшаць сітуацыю ў 2019 годзе. Больш сур'ёзна трэба працаваць і над павышэннем сярэднямесячных зарплат работнікаў.

Кажучы пра задачы на 2019 год, варта падкрэсліць, што кожная арганізацыя, кожнае прадпрыемства мае бізнэс-план і план работы, задача адна - выканаць іх, тады атрымаем дастойныя зарплаты, эканамічныя паказчыкі, зможам паспяхова працаваць і развівацца.

Таксама быў разгледжаны шэраг іншых пытанняў, вынесеных на парадак дня работы сесіі, прыняты рашэнні.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/