Зачэпічы: свята паэзіі і вуліца ў гонар Петруся Граніта



У вёсцы Зачэпічы і аграгарадку Жукоўшчына прайшло абласное свята беларускай паэзіі, прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і памяці заходнебеларускіх паэтаў, якія жылі на Дзятлаўшчыне — Нікіфара Жальбы, Гарасіма Праменя, Васіля Струменя, Петруся Граніта, Сяргея Хмары, Ігната Дварчаніна.

Удзел у сустрэчы прымалі прадстаўнікі мясцовай улады, краязнаўцы, літаратары Гродзеншчыны, работнікі бібліятэкі, педагогі, навучэнцы, вяскоўцы. 3 нагоды свята ў наш раён завіталі паэты, пісьменнікі, журналісты, выканаўцы песень на словы беларускіх аўтараў В. Дубатоўскі, С. Чыгрын, М. Канановіч, 3. Бартосік, М. Скобла, В. Сазонаў, С. Чарняк, У. Хільмановіч, Я. Трацяк. Удзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі на вясковых могілках да магілаў паэтаў Гарасіма Праменя і Петруся Граніта.

Затым каля памятнага знака мясцовым паэтам, які знаходзіцца ў цэнтры Зачэпічаў, адбыўся мітынг памяці.
Прысутных павітаў адзін з арганізатараў свята, краязнаўца з Дзятлава В. Петрыкевіч. Ен расказаў, што памятны камень з імёнамі мясцовых паэтаў быў усталяваны ў Зачэпічах летась. Вырашылі, што раз на год тут будуць збірацца аматары беларускага слова, каб успамінаць мясцовых творцаў. Іх творчасці і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання прысвечана сёлетняе абласное свята беларускай паэзіі.

Старшыня Жукоўшчынскага сельскага Савета В. Верамейчык зазначыў, што народ жыве да той пары, пакуль памятае сваіх продкаў, а Зачэпічы — гэта "гняздо паэтаў", якія пісалі тут свае творы. Так склалася, што вясковая вуліца не мела назвы. Таму было прынята рашэнне назваць яе іменем Петруся Граніта. Памятная шыльда ўсталявана на доме, дзе ён жыў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н. Калодка расказала, што ў нашай краіне шмат увагі надаецца захаванню духоўнай спадчыны. Мінулы год у Беларусі быў Годам культуры, гэты — Год навукі і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На Дзятлаўшчыне ганарацца вядомымі землякамі. Важна, што такія сустрэчы праходзяць, прыемна, што сярод прысутных на свяце ёсць дзеці, значыць, наша духоўная спадчына будзе захавана.

Шмат добрых словаў на адрас дзятлаўскай зямлі, яе жыхароў, паэтаў прагучала ад гасцей свята. Яны чыталі і свае вершы, і вершы іншых беларускіх аўтараў, пад гітару выканалі некалькі добра вядомых беларускіх песень, спявалі і новыя. Вершы класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа, а таксама мясцовых паэтаў П. Граніта, В. Струменя прачыталі навучэнцы Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Свята прадоўжылася ў Жукоўшчынскім доме культуры. Зноў гучалі вершы і песні. Беларускія літаратары падзякавалі юным чытачам вершаў за іх старанні і падарылі ім кнігі.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/