За якія ўчынкі даводзіцца адказваць



Не створаны ўмовы для немаўляці

Калі нараджаецца дзіця, для яго ўжо набыты новыя прыгожыя рэчы, каляска, дзіцячы ложак і шмат іншых дробязяў, падрыхтаваны пакой, і родныя з нецярпеннём чакаюць выпіскі матулі з немаўлём з бальніцы. На жаль, так бывае не заўжды.

На адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла хадайніцтва аб прызнанні маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне дзіцяці, якое з'явілася на свет у снежні 2016 года і да гэтага часу знаходзіцца ў бальніцы. Маці нованароджанага родам з Дзятлаўшчыны, бацька — з Лідчыны. Дарослыя нідзе не працуюць, шлюб паміж імі не зарэгістраваны. Па словах медыкаў, жанчына стала на ўлік па цяжарнасці ў Дзятлаве, пазней выехала ў Лідскі раён. Яна не заўсёды выконвала рэкамендацыі дактароў, нават самавольна пакідала радзільнае аддзяленне, не наведвала малога пасля нараджэння.

Цяпер маці і бацька нованароджанага жывуць у прыватным доме, аднак там не створаны неабходныя ўмовы для немаўляці, ёсць шэраг парушэнняў, у тым ліку самавольнае падключэнне электраэнергіі.

На Дзятлаўшчыне па месцы рэгістрацыі жанчыны жывуць яе маці і бацька, прычым маці знаходзіцца на ўліку ў доктара-нарколага. Умовы тут таксама не адпавядаюць патрабаванням санітарыі, не выконваюцца правілы пажарнай бяспекі.

Атрымліваецца, што выпісваць нованароджанага няма куды. Магчымасць наняць кватэру таксама адсутнічае, паколькі дарослыя не працуюць і не маюць крыніц даходаў.

Члены камісіі па справах непаўналетніх прызналі дзіця маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер з бальніцы яго накіруюць у Дом дзіцяці ў Гродне. Бацькі, якія сталі абавязанымі асобамі, павінны будуць працаваць і пагашаць расходы на яго ўтрыманне. Ад іх далейшых паводзінаў залежыць, вернуць ім немаўля ці пазбавяць бацькоўскіх правоў.

У кожнага сваё свята

Ha маці дзвюх дзяўчынак быў складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што жанчына не забяспечыла іх суправаджэнне ў позні час. У навагоднюю ноч а другой гадзіне непаўналетнія танцавалі каля ёлкі на гарадской плошчы. Калі да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і пацікавіліся, хто з дарослых прывёў іх на свята, дзяўчаты патлумачылі, што маці знаходзіцца дома, а айчым дзесьці на плошчы. Адшукаць мужчыну адразу не ўдалося.

Як высветлілася на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, мужчына і спраўды быў на свяце, аднак знаходзіўся воддаль ад дзяцей і не заўважыў, калі да іх падышла міліцыя. Члены камісіі патлумачылі маці дзяўчынак, што суправаджэннем лічыцца фізічная прысутнасць дарослага чалавека побач з дзецьмі, бо ў хвіліну небяспекі ён павінен адпаведна адрэагаваць. Калі ж чалавек знаходзіцца далёка ў натоўпе, ён не здольны кантраляваць сітуацыю.

За парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства жанчыне давядзецца заплаціць штраф у памеры адной базавай велічыні.

Петарды подлеткам не сябры

Непрыемна скончылася свята для двух навучэнцаў старэйшых класаў, якія вырашылі сустрэць Новы год выбухамі петардаў. Хлопцы ведалі, што ўзрываць піратэхнічныя вырабы ў грамадскім месцы нельга. А таму апоўдні 1 студзеня 2017 года з небяспечнай забаўкай яны накіраваліся да неэксплуатуемага галоўнага корпуса былога дрэваапрацоўчага завода. Там і пачалі ўзрываць петарды. Магчыма, інцыдэнт застаўся б незаўважаным, але міма праязджала міліцэйская машына. Праваахоўнікі пачулі выбухі і пайшлі праверыць, у чым справа. У выніку склалі пратаколы за адміністрацыйнае правапарушэнне.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аматары піратэхнічных вырабаў сваю віну прызналі. Паколькі хлопцы паспяхова вучацца, маюць станоўчыя характарыстыкі і не маюць уласнага заробку, першы раз іх папярэдзілі. Аднак падлеткі паўгода будуць знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела міліцыі. Праваахоўнікі яшчэ раз нагадваюць бацькам непаўналетніх, што за выкарыстанне петардаў прадугледжана адказнасць. Таксама варта ведаць, што "грамадскімі месцамі" лічацца нежылыя дамы і невыкарыстоўваемыя адміністрацыйныя будынкі, якія знаходзяцца ў межах горада.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
I. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/