За творчасць - паездка на Прэзідэнцкую елку



Сёлетні год быў паспяховы для пяцікласніцы Вікторыі Шымчык. Віка — навучэнка гімназіі №1 горада Дзятлава, але ўрокамі дзяўчынка не абмяжоўваецца. Яна наведвае Дзятлаўскую дзіцячую школу мастацтваў і аб'яднанні па інтарэсах Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава "Юны бібліятэкар" і "Артдызайн" (кіраўнік Ірына Мядзведзева).

Варта зазначыць, што ў Цэнтры творчасці Вікторыя Шымчык займаецца даўно. Калі вучылася ў першым класе, запісалася на гурток "Выцінанка" да Алены Турчэнік. У другім класе зацікавілася бісерапляценнем і яшчэ два гады займалася ў Анжэлы Грыб. Дарэчы, Анжэла Віктараўна і запрасіла Вікторыю паўдзельнічаць у абласным конкурсе фларыстаў-аранжыроўшчыкаў "Кветкі, прыгажосць, творчасць", дзе Віка заняла пераможнае другое месца (першае ў выбранай намінацыі не прысуджалася).

— Варта зазначыць, што на конкурс у Гродна Віка трапіла нечакана, — расказвае метадыст Цэнтра творчасці дзя-цей і моладзі горада Дзятлава Анжэла Грыб. Да ўдзелу ў ім сваю навучэнку рыхтавала педагог дадатковай адукацыі Лілія Коласава, ідэя кампазіцыі таксама была яе. Аднак напярэдадні паездкі Лілія Уладзіміраўна захварэла, а мне тэрмінова давялося яе замяніць. Тады я і ўзгадала пра сваю былую навучэнку Вікторыю Шымчык, работы якой заўсёды вылучаліся акуратнасцю. Разам з загадчыцай мастацкага аддзела Аленай Сямёнавай мы развілі ідэю Ліліі Коласавай і за паўтары гадзіны падрыхтавалі Віку да конкурсу.

Конкурс фларыстаў-аранжыроўшчыкаў "Кветкі, прыгажосць, творчасць" праходзіў у Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. У ім прынялі ўдзел 32 навучэнцы з 19 шматпрофільных установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці. Былі заяўлены дзве намінацыі. Вікторыя Шымчык удзельнічала ў адной з іх пад назвай "Навагодні серпантын". Дзяўчынцы неабходна было стварыць настольную фларыстычную кампазіцыю да навагодніх святаў з выкарыстаннем розных прыродных матэрыялаў.

— Я справілася з заданнем, як і належала, за паўтары гадзіны, — узгадвае Вікторыя Шымчык. — Асабліва не хвалявалася, хаця да нас, удзельнікаў, часта падыходзілі члены журы, каб задаць пытанні або параіць што-небудзь. Было нескладана, бо я люблю займацца рукадзеллем, складаць кампазіцыі, і гэта не першы мой поспех. Зусім нядаўна наша з Вольгай Лянной калектыўная работа "Ёлка" (гурток "Артдызайн") была адзначана дыпломам другой ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу "Лёд. Кветкі. Фантазія". Цяпер яна ўдзельнічае ў рэспубліканскім этапе конкурсу, і мы чакаем новых вынікаў.
Адзінае, на што ўсе звярталі ўвагу ў Гродне, — гэта мой узрост. У конкурсе маглі ўдзельнічаць навучэнцы да 17 гадоў, а мне 10, і я выглядала сярод іншых самай юнай. Аднак гэта не перашкодзіла мне выйсці ў лідары і атрымаць дыплом.

Варта зазначыць, што ў скарбонцы набыткаў Вікторыі Шымчык за 2016/2017 навучальны год — першае месца ў шостым абласным фестывалі юных дызайнераў і мадэльераў "Жывіца"; перамога ў складзе творчай групы навучэнцаў у абласным конкурсе на лепшую рукапісную кнігу "Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі"; таксама яна прызёр (2-е месца) абласнога этапу 20-га рэспубліканскага конкурсу-выставы Калядная зорка"; прызёр абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці "Добры дзень, свет!", дзе ў намінацыі Kazki.by" заняла трэцяе месца.

За сёлетнія і мінулагоднія поспехі аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама прапанаваў уключыць Вікторыю Шымчык у спіс удзельнікаў навагодняга свята з удзелам кіраўніка дзяржавы. У рамках рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці" Віка сёлета едзе на Прэзідэнцкую ёлку.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/