З юбілеем, "Праменьчык"



Першы юбілей - адказная дата, і гэты дзень хочацца зрабіць асаблівым: запамінальным, цёплым, шчырым. Спецыялістам і наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна гэта ўдалося, бо побач былі надзейныя сябры, якія ўжо дзесяць гадоў цікавяцца жыццём асаблівых людзей і падтрымліваюць іх. Падрыхтаваць урачыстасць з нагоды юбілейнага свята дапамаглі шэфы-валанцёры - педагогі і навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава, дзе і праходзіла мерапрыемства.

Яго праграму адкрылі наведвальнікі "Праменьчыка" -дыпламанты першай ступені міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў "Віцебск-2019", танцавальны калектыў "Выпадковае знаёмства".

Юбіляраў павіншаваў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. ён зазначыў, што кожнаму чалавеку ў зямным жыцці Богам даецца свой крыж. Ім з'яўляюцца праца, хваробы, выпрабаванні. Крыж на зямлі непазбежны, бо дадзены для выратавання бессмяротнай душы. Несці яго трэба дастойна: з цярпеннем, пакорай і ўдзячнасцю Богу. У дзень юбілею святар пажадаў асаблівым людзям і ўсім, хто пра іх клапоціца, каб Бог мацаваў сілы, каб у зямным свеце, поўным выпрабаванняў, ім спадарожнічалі вера, надзея і любоў.

Айцец Іаан падарыў кожнаму з наведвальнікаў "Праменьчыка" ікону святога лекара Лукі Война-Ясенецкага.
Музычныя падарункі для ўдзельнікаў свята падрыхтавалі наведвальнікі "Праменьчыка" Алег Бяляк, Віталь Крэйдзіч, танцавальны калектыў "Выпадковае знаёмства" і навучэнцы гімназіі.

Ад раённай арганізацыі ГА "Белая Русь" і яе старшыні Ігара Кухарэвіча юбіляраў павіншавала і ўручыла падарункі першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ" Кацярына Хілімончык. Яна падзякавала наведвальнікам "Праменьчыка" за невычэрпныя таленты і асабістыя поспехі, пажадала ім і іх блізкім моцнага здароўя і радасці.

Шмат цёплых словаў на адрас асаблівых людзей і спецыялістаў, якія з імі працавалі раней і працуюць цяпер, прагучала ад былой старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Валянціны Берднікавай. За клопаты, нераўнадушныя адносіны да чужой бяды і добрыя сэрцы яна падзякавала Таццяне Нікіпорчык, Алене Калюцік, Валянціне Саламевіч, Валянціне Баландзінай. Невялікі экскурс у гісторыю зрабіла першаадкрывальніца "Праменьчыка", цяпер дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.

Яна запэўніла прысутных, што аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і яго сябры - гэта адзіная каманда, якая ўпэўнена крочыць да поспехаў. Таццяна Сямёнаўна падзякавала за падтрымку раённым грамадскім арганізацыям. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасавала Валянціне Берднікавай, якая ў свой час зрабіла ўсё магчымае, каб адкрыць наведвальнікам "Праменьчыка" дарогу на ецэну фестывалю "Славянскі базар".

Праверанымі і надзейнымі сябрамі аддзялення яна назвала ганаровую старшыню раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіну Чуру, старшыню раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "БелТГ Аксану Вырко, ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", старшыню раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "БелТІЗ" Святлану Крэйдзіч, сям'ю Шэлегаў, раённы савет ветэранаў, Беларускую Праваслаўную Царкву.

Павіншавалі юбіляраў і ўручылі падарункі "Праменьчыку" начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Марына Гуговіч, ганаровая старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Чура, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, сакратар раённага савета ветэранаў і валанцёр клуба "Нам гады не бяда" Ядзвіга Гушча, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева. Словы глыбокай удзячнасці спецыялістам ад імя бацькоў наведвальнікаў "Праменьчыка" выказала Лідзія Авецісянава.

Падводзячы вынікі юбілейнай сустрэчы, можна ўпэўнена сказаць, што з такой колькасцю сяброў і памочнікаў аддзяленне пераадолее любыя цяжкасці, будзе плённа працаваць.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/