З днём нараджэння, Наваельня!



Як і людзі, пераважная большасць паселішчаў мае дзень нараджэння. Вось і Наваельня 19 жніўня адзначала свае асабістае свята. А якая ўрачыстасць без падарункаў? I яны былі: гэта і выступленне Наваельнянскага зводнага духавога аркестра, якім самі наваельнянцы ганарацца, музыку якога любяць слухаць, і выстава карцін іх земляка Анатоля Кардаша, на якіх шмат навакольных краявідаў, і канцэрт беларускага спевака Аляксея Хлястова.

Шэраг наваельнянцаў у гэты дзень атрымалі асабістыя падарункі. Іх віншавалі калегі па працы, родныя, сябры. На свяце пасёлка былі ўшанаваны лепшыя працаўнікі — за шматгадовую, плённую, творчую працу. Іх імёны занесены на Дошку гонару пасёлка Наваельня. Як паведаміла старшыня Наваельнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец, па хадайніцтве працоўных калектываў сёлета ўганараваны сямёра лепшых работнікаў. Гэта Алена Бахар (туббальніца "Наваельня"), Сяргей Галавач (камбінат хлебапрадуктаў), Алена Гранкоўская (сельгастэхніка), Аляксандр Жых (лясніцтва), Святлана Спасюк (Наваельнянская школа), Іван Шэга (міжрайагразабеспячэнне), Галіна Шэнаева (яслі-сад).

Цяпер у Наваельні працуе 51 арганізацыя, прадпрыемства і прыватная фірма. Яны, па магчымасцях, уносяць свой уклад у добраўпарадкаванне пасёлка. Падзячныя словы на адрас самых руплівых выказала старшыня сельвыканкама ірына Кунахавец у час урачыстасці — калектывам Наваельнянскай школы, ясляў-садка, Наваельнянскага лясніцтва, сельгастэхнікі, туббальніцы, Наваельнянскай гарбальніцы.

Падарункі і падзякі на свяце атрымалі дбайныя гаспадары — пераможцы пасялковага конкурсу на самы ўпарадкаваны двор і самы даглёджаны кветнік. Сёлета лепшьмі гаспадарамі прызнаны Андрэй і Таццяна Шэнаевы, Ігар і Наталля Лом, Аляксандр і Наталля Сачыкі. Самыя дагледжаныя кветнікі маюць Рэна Буйнец, Святлана Літвінская, Раман Берасцень.

Работнікі мясцовага Дома культуры падрыхтавалі для наваельнянцаў музычныя віншаванні. Павіншавалі з нараджэннем сёлетнк дзетах і іх бацькоў. А прыбыло ў пасёлку на дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак. Самы маленькі жыхар Наваельні — Цімур Пяшко.

Не абышлі ўвагай людзей шаноўнага ўзросту. Цяпер Наваельня мае восем доўгажыхароў. Васіль Лапацін, Вера Куцко, Ніна Піваварчык, Марыя Кулакоўская, Леакадзія Сакольнік, Надзея Трусава, Вольга Кардаш вартыя, каб пра іх ведалі, бо іх шматгадовая праца — у дабрабыце пасёлка. А самая багатая на гады — Ніна Гваздзёва: сёлета ёй спаўняецца 96. гадоў.

Прыемны падарунак землякам падрыхтаваў Анатоль Кардаш — выставу сваіх карцін. На палотнах пазнаеш знаёмыя мясціны і пабудовы: касцёл у Наваельні, ГЭС, бераг возера... Маляваць Анатоль Кардаш пачаў каля трыццаці гадоў таму. Як стаў мастаком? Дасля атрымання зарплаты зайшоў у краму, купіў усё патрэбнае і... стаў маляваць, прызнаўся аўтар выставы.

3 пасады галоўнага прававога інспектара Беларускага прафсаюза чыгуначнікаў пайшоў на адпачынак. Цяпер Анатоль Кардаш жыве ў Наваельні, даглядае матулю, вядзе гаспадарку. Мастак стварыў каля 300 работ жывапісу, многія з якіх раз'ехаліся па свеце - у Прыбалтыку, Італію, ЗША, Украіну, Расію. На свяце Анатолю Аляксандравічу падзякавалі за актыўны ўдзел у жыцці пасёлка. Менавіта ён летась быў ініцыятарам і арганізатарам правядзення ў Наваельні Міжнароднага турысцкага злёту чыгуначнікаў.

Талентамі Наваельня не абдзелена. I пацвярджэнне таму - Наваельнянскі духавы аркестр, кожнае пакаленне якога шануе і прадаўжае традыцыі тых, хто стаяў каля вытокаў гэтага калектыву. У дзень нараджэння Наваельні музыканты ўшанавалі памяць усіх, каго з імі няма: жалобны спіс — гэта, можна сказаць, цэлы аркестр. Аркестранты да ўрачыстасці наведалі могілкі, а ў час канцэрта Аляксандр Саалятэ праспяваў песню памяці тых, хто пайшоў на нябёсы.

Зводны духавы аркестр, які папоўніўся моладдзю, выканаў мелодыі вядомыя і новыя. Затым канцэртны вечар у пасёлку прадоўжыў спявак Аляксей Хлястоў.

Дзень нараджэння Наваельні сабраў шмат жыхароў і гасцей. Дарослыя і малеча запоўнілі трыбуну пасялковага стадыёна. Удзельнікі свята мелі магчымасць паслухаць песні і музыку, патанцаваць, пачаставацца прысмакамі, якімі гандлявалі райспажыўтаварыства і прыватныя прадпрымальнікі. Быў попыт на атракцыёны і бяспройгрышную латарэю.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/