ЮРЫСТ - ГЭТА ПРАКТЫК У СФЕРЫ ПРАВА



6 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты. Прафесія юрыста складаная і шматгранная, яна патрабуе ад чалавека цярпення, высокіх інтэлектуальных здольнасцяў, умення правільна выказваць свае думкі і гатоўнасць служыць закону. Чым вабіць прафесія юрыста і чаму яе выбіраюць? — з гэтым пытаннем карэспандэнтка газеты "Перамога" звярнулася да юрыстаў Дзятлаўшчыны.

Галіна Васільеўна Прэдка, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна:
— Я са школы марыла стаць юрыстам, бо, калі была ў піянерскай, камсамольскай арганізацыях, мы дапамагалі састарэлым і малазабяспечаным людзям. Яшчэ тады вырашыла: калі вырасту, абавязкова буду адстойваць інтарэсы людзей і дапамагаць ім, але ўжо ў якасці юрыста. Каб стаць кваліфікаваным спецыялістам, скончыла факультэт правазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За час сваёй працоўнай дзейнасці, а ў прафесіі я ўжо 35 гадоў, пабыла на розных пасадах: юрыст на прадпрыемстве, суддзя, натарыус, кадравік, сакратар сельвыканкама, адвакат. У юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна працую з 1999 года. Заўсёды я імкнулася і імкнуся ў час кансультацый аказваць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу кліентам, а калі гэта неабходна, адстойваць іх законныя інтарэсы ў судзе або ў час папярэдняга следства ці адміністрацыйнага працэсу. Усім сваім калегам жадаю моцнага здароўя, прафесійнага росту, невычэрпнай энергіі, якую варта накіраваць на аказанне юрыдычнай дапамогі кліентам, і доўгага жыццёвага шляху.

Жанна Мікалаеўна Сёмуха, загадчыйа натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна:
— Аб прафесіі юрыста я марыла з 13-гадовага ўзросту, бо перад вачамі быў станоучы прыклад маей цеткі, якая працавала адвакатам. Разам з ёю я хадзіла на пасяджэнні суда, глядзела, як яна выступае, слухала, што гаворыць. Мне падабалася, як цётка адстойвала інтарэсы сваіх кліентаў. Таму і я цвёрда вырашыла пайсці гэтым шляхам. Адукацыю атрымлівала на завочным аддзяленні юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова працавала сакратаром судовага пасяджэння ў судзе Ленінскага раёна горада Мінска. На Дзятлаўшчыну трапіла пасля таго, як выйшла замуж. 3 1998 года працую ў натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна. Спачатку была натарыусам, цяпер — загадчыца. Галоўным у маёй прафесіі лічу веданне законаў і павагу да кліентаў. Сваім калегам-юрыстам жадаю цярпення, моцнага здароўя, удзячных кліентаў і сямейнага дабрабыту.

Віталь Мікалаевіч Заяц, пракурор Дзятлаўскага раёна:
— Сярод хлопцаў-старшакласнікаў прафесіі міліцыянера і юрыста заўсёды былі папулярныя. Пасля заканчэння школы атрымаць прафесію праваахоўніка вырашыў і я. Скончыў факультэт крымінальнай міліцыі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Па размеркаванні застаўся ў Мінску, дзе працаваў у аддзяленні крымінальнага вышуку. У 2003 годзе перайшоў працаваць у органы пракуратуры. Галоўнае ў маёй рабоце — нагляд за захаваннем законнасці, бо закон у прававой дзяржаве абараняе грамадзян і рэгулюе ўсе сферы жыцця грамадства. Таксама пад пільнай увагай пракуратуры — пытанні бяспекі жыцця і здароўя людзей як у быце, так і на вытворчасці. Юрыстам я жадаю плёну і поспехаў у рабоце, дабрабыту і ладу ў сем'ях, бадзёрасці духу, святочнага настрою.

Алена Пятроўна Сударыкава, юрыст Дзятлаўскага РУП ЖКГ:
— Юрыстам марыла стаць з 9 класа, меркавала, што буду следчым. Адукацыю атрымала на юрыдычным факультэце Ашмянскага каледжа, прадоўжыла на юрфаку Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Першае мае працоўнае месца — юрысконсульт РУП "Измеритель" горада Наваполацка. Аднак там надоўга не засталася, бо працавала ў вялікім аддзеле, дзе не мела асаблівай самастойнасці, а хацелася самой вырашаць пастаўленыя задачы. Цяпер працую юрыстам у Дзятлаўскім РУП ЖКГ і лічу, што мая работа ў многім падобная на работу следчага, аб якой марыла. Займаюся пошукам даўжнікоў, спрэчнымі сітуацыямі, прымаю ўдзел у судовых пасяджэннях, адным словам — адстойваю гонар і законныя інтарэсы свайго прадпрыемства, як і іншыя работнікі, спрыяю таму, каб камунгас нармальна функцыянаваў. Сваю справу лічу вельмі цікавай, бо даводзіцца сутыкацца з рознымі людзьмі, у некаторых з іх складаныя лесы, незвычайныя жыццёвыя гісторыі. Калегам-юрыстам жадаю любіць абраную прафесію, ісці на працу з задавальненнем, поспехаў вам і працоўных дасягненняў, няхай кожнага з вас радуюць вынікі работы.

Гутарыла I. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/