ЮБІЛЕЙНЫ ДЗЯСЯТЫ МОЛАДЗЕВЫ ФЕСТЫВАЛЬ "АЛІМПІЯ-2016"



Больш за 500 спартыўных маладых людзей з усёй Беларусі 26-28 жніўня сабраліся на Лагойшчыне пад Мінскам. Тут пад дэвізам "Моладзь выбірае!" праходзіў X юбілейны моладзевы фестываль "Алімпія-2016". Гэта мерапрыемства ўжо дзясяты год запар праходзіць з ініцыятывы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, газеты "СБ" і дае моладзі магчымасць паўдзельнічаць у спартыўных і творчых баталіях. У традыцыйным штогадовым фэсце сёлета прынялі ўдзел 20 каманд працоўнай моладзі Беларусі.

У ліку зборнай каманды Гродзеншчыны былі 18 нашых землякоў: Аляксандра Аўдзеенка, Сяргей Карнэлік, Іван Карэнка, Аляксандр Юргілевіч, Валянцін Грынцэвіч, Аляксандр Пятроўскі, Дзмітрый Ёда, Дзяніс Добыш, Ілья Амёльчанка, Ілья Бурдун, Аляксандр Грыцук, Алена Сіняк, Лаура Кунюціце, Аляксандр Раеўскі, Аліна Мішчук, Таццяна Шостка, Уладзімір Будрык і я.

Першы вечар фестывалю па традыцыі пачаўся з урачыстага адкрыцця. Права ўзняць сцяг разам з іншымі пераможцамі выпала і сёлетнім пераможцам абласнога этапу моладзевага турзлёта - камандзе Гродзенскай вобласці ў асобе Аляксандра Юргілевіча і Алены Сіняк. Пасля афіцыйнай часткі адбыўся святочны канцэрт і феерверк. Для моладзі спявалі Сяргей Мінскі, Сяргей Сухамлін і іншыя артысты.

На працягу трох дзён моладзевыя каманды спаборнічалі за званне пераможцы ў інтэлектуальных, творчых і спартыўных конкурсах. На адной з пляцовак для моладзі ладзіўся "Адкрыты дыялог", на іншых праходзілі спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, дартсе, перацягванні каната, падыманні гіры. Не абышлося і без традыцыйнай паласы перашкодаў. Дарэчы, зборная Гродзеншчыны была паспяховай у спаборніцтвах па міні-футболе і падыманні гіры. У абодвух дысцыплінах нашы спартсмены сталі сярэбранымі прызёрамі, заняўшы другую пазіцыю ў рэспубліканскай турнірнай табліцы.

Відовішчным і цікавым быў "Конкурс бівакоў" (турысцкіх стаянак), які адносіўся да ліку творчых. У Год культуры нашы землякі вырашылі стылізаваць свой турысцкі лагер пад беларускую сядзібу. За плеценай агароджай члены журы маглі пабачыць драўлянага каня з возам. Прайшоўшы далей, яны апынуліся ў традыцыйнай беларускай хаце з саматканымі дыванамі, радзюжкамі, ручнікамі. Усе творы народнага мастацтва на фестываль прывезла майстрыха з вёскі Горка Аліна Міхайлаўна Мішчук, яна ж выступіла ў ролі гаспадыні хаты. Гаспадаром быў Аляксандр Раеўскі. Каб госці не сумавалі, музыкай і спевамі іх павіталі Таццяна Шостка і Лаура Кунюціце. Эстафету ў артыстаў перанялі гаспадары. Аліна Мішчук правяла з гасцямі традыцыйныя беларускія гульні і запрасіла іх за стол, застаўлены стравамі нацыянальнай кухні. На развітанне гаспадыня падарыла членам журы кветкі, якія сама пляце з саломкі.

Фестываль "Алімпія-2016" нікога не пакінуў раўнадушным і надоўга запомніцца ўдзельнікам, якія на пляцоўках мерапрыемства знайшлі шмат новых сяброў.

К. ХІЛІМОНЧЫК, выконваючая абавязкі першага сакратара раённай арганізацыі ГА "БРСМ"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/