Яны плылі на чым папала



3 22 па 24 чэрвеня ва ўрочышчы Рыбакі праходзіў раённы турысцкі злёт сярод працоўнай моладзі "Здаровы я - здаровая краіна!", прысвечаны Году малой радзімы і 100-годдзю камсамола.

Арганізатарамі сёлетняга мерапрыемства сталі раённы камітэт ГА "БРСМ", аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Дзятлаўскі спартыўна-фізкультурны клуб. Спаборніцкі момант курыраваў Дзмітрый Ёда, галоўны спецыяліст райвыканкама. Сіламі сёлета мераліся 18 каманд.

У якасці ганаровых гасцей на раённы моладзевы турысцкі злёт былі.запрошаны Аляксандр Дубовік, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама, Ігар Кухарэвіч, намеснік старшыні, Наталля Калодка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Аляксандр Дубовік павіншаваў прысутных з пачаткам спаборніцтваў, пажадаў пазітыўных эмоцый, цёплага надвор'я і перамогаў.
— Сёння на гэтай пляцоўцы сабраліся лепшыя каманды раёна. Жадаю усім добрага адпачынку, поспеху, новых сяброў. Лёгкіх вам стартаў, паспяховых фінішаў і з прыемнымі ўражаннямі вярнуцца ў свае калектывы.

Права ўзняць дзяржаўны сцяг прадаставілі камандзе Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы - пераможцу мінулагодніх спаборніцтваў.

Усе тры дні турзлёту ў Рыбаках былі творчыя, актыўныя і багатыя на падзеі. Турысты спаборнічалі ў падыманні гіры, мас-рэслінгу, дартсе, падцягванні, велапрабегу, перацягванні каната, баях шарамі, праходзілі паласу перашкодаў, ладзілі быт турыста, гулялі ў валейбол, "Гарады", удзельнічалі ў плаванні "На чым папала".

Прызёраў і пераможцаў агульнакаманднага заліку спаборніцтваў узнагародзілі ў час закрыцця турьюцкага злёту. Каманды, якія занялі 1-3 месцы, атрымалі медалі, дыпломы і прызы. Пераможцай сёлетняга раённага турзлёту стала каманда КСУП "Хвінявічы" (выніковая сума балаў - 327). На другім месцы - Дзятлаўскі РАНС (319,5). Каманда ААТ "Граніт-Агра" заняла трэцяе месца (311).

У наступным годзе ўрочышча Рыбакі зноў будзе прымаць на сваёй пляцоўцы чарговы турысцкі злёт.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/