Яны першымі пасадзілі "другі беларускі хлеб"



Веснавыя работы на палях гаспадарак раёна па-ранейшаму кіпяць з ранку да позняга вечару, а традыцыйна адказны і хуткаплынны вясенні перыяд не дазваляе спыніцца аграрыям ні на хвіліну. Амаль толькі скончылася сяўба, а гаспадаркі ўжо садзяць бульбу.

У КСУП "Хвінявічы", кіраўніком якога з'яўляецца Мікалай Бубноўскі, сёлета па праву могуць ганарыцца лідэрствам - у гэтым годзе яны першымі скончылі пасадку бульбы. Ладзіцца работа ў працоўнага звяна Георгія Шэўко і Рыгора Палюна. Яны адны з першых спраўляюцца з пастаўленымі перад гаспадаркай задачамі. На працягу ўсяго складанага аграрнага часу механізатары не спыняюцца: адзін від сельскагаспадарчай дзейнасці хутка змяняецца другім.

Сёння радуюць вока акуратныя, роўныя, нібы пад лінейку, барозны, нарэзаныя Рыгорам Палюном, а яшчэ зусім нядаўна Рыгор Уладзіміравіч падрыхтоўваў глебу да севу: вывозіў арганічныя ўгнаенні. Наступны перыяд у календары механізатара - нарыхтоўка кармоў. Першыя на чарзе - шматгадовыя травы. А да пачатку гэтага сельскагаспадарчага этапу механізатарам дасканала правяралася ўся неабходная тэхніка, каб адказна, без збояў, выйсці на ўкос. У 1990 годзе ўладкаваўся Рыгор Палюн сюды на працу і вось ужо дваццаць восьмы год самааддана працуе на палетках гаспадаркі.

Узнімаецца высока над зямлёю з-пад калёс трактара МТЗ пыл. Кіруе вопытны механізатар, перадавы працаўнік Георгій Шэўко. Тзхналогія пасадкі бульбы адпрацавана ім да дробязей. Георгій Міхайлавіч працуе ў КСУП "Хвінявічы" ўжо 32 гады. У час пасяўной кампаніі Георгій Шэўко займаецца ўнясеннем арганічных і генеральных угнаенняў у глебу, пазней на трактары садзіць бульбу, летнімі спякотнымі днямі працуе на зернеўборачным камбайне, восеньскай парою прыступае да збору беражліва ім пасаджанай і, калі год дасць, добра ўрадзіўшай бульбы.

Прыемная сустрэча з віншаваннямі і падарункамі была арганізавана на палетках гаспадаркі КСУП "Хвінявічы" ва ўрочышчы Аляксандравічы. Словы падзякі за сёлетнюю пленную працу і лепшыя дасягненні пры пасадцы бульбы выказаў механізатарам калектыўнага звяна Георгію Шэўко і Рыгору Палюну старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Падзячныя лісты за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі, каштоўныя падарункі і веснавыя кветкі сталі прыемным дапаўненнем да шчыра сказаных словаў, стварылі асабісты настрой бадзёрасці, які застаўся з працаўнікамі на ўвесь складаны аграрны дзень.

Павітаў Уладзімір Казак і новую супрацоўніцу КСУП "Хвінявічы" Ілону Вінцкевіч, якая з нядаўняга часу працуе ў гаспадарцы аграномам-насенняводам.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/