Яны ў нашай памяці жывуць



Сёлета атрымаў рэалізацыю двухгадовы праект, які ўвасаблялі ў жыццё педагогі і вучні Дварэцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, даследчыка Сяргея Каско - на будынку навучальнай установы з'явілася памятная мемарыяльная дошка, прысвечаная яе выпускнику, ураджэнцу вёскі Малая Палонка Дзмітрыю Лазовіку, які загінуў пры выкананні службовага абавязку ў рэспубліцы Афганістан.

У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. У мерапрыемстве прымалі ўдзел воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённай улады, ваеннага камісарыята, педагагічны калектыў і вучні Дварэцкай сярэдняй школы, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў Дзятлаўшчыны.

- Устаноўленая мемарыяльная дошка - гэта знак памяці цэламу пакаленню людзей, якія з гонарам выконвалі свой абавязак перад Радзімай, абаранялі яе ва ўзброеных канфліктах, засталіся ўзорам мужнасці для нашчадкаў, - адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. - На прыкладзе такіх людзей падрастаючае пакаленне будзе вучыцца вернасці прысязе, доблесці і мужнасці, бо гэтыя маладыя людзі ведалі цану жыццю, яны дастойна прадоўжылі традыцыі бацькоў і дзядоў, якія перамаглі фашызм. Гэты ўрок гісторыі нельга забываць, бо пакуль помнім - мы жывём.

Пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі ўсе прысутныя ўсклалі да яе чырвоныя гваздзікі як сімвал памяці аб крыві нашых салдат, пралітай на чужой зямлі.

Удзельнікаў мерапрыемства павітала дырэктар Дварэцкай сярэдняй школы Вераніка Фабішэўская. Яна адзначыла, што работа, прысвечаная памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, з'яўляецца адным з прыярытэтаў навучальнай установы.

Таварыш па зброі Дзмітрыя Лазовіка, воін-інтэрнацыяналіст Анатоль Губко ўзгадаў гісторыю іх сяброўства.
- Нас было чацвёра сяброў. Мы разам вучыліся, разам гулялі ў вайну, захапляючыся подзвігам старэйшага пакалення. Але ніколі не думалі, што самім давядзецца змагацца на сапраўднай вайне.

Сябры дзяцінства Анатоль і Дзмітрый разам прызваліся ў войска, праходзілі першапачатковую вайсковую падрыхтоўку. У адзін з ліпеньскіх дзён на экстраным пастраенні было абвешчана: салдаты накіроўваюцца выконваць інтэрнацыянальны воінскі абавязак у рэспубліку Афганістан. Воляй лёсу шляхі землякоў разышліся, яны развіталіся, як аказалася, назаўсёды.
Толькі праз год Анатоль Губко выпадкова даведаўся, што Дзмітрый загінуў.

- Ён быў добрым хлопцам, верным сябрам і выдатным салдатам. Ён назаўжды застанецца ў нашых сэрцах, - завяршыў свой аповед Анатоль Іванавіч.

Пасля заканчэння мерапрыемства яго ўдзельнікі наведалі грамадскія могілкі ў аграгарадку Дварэц і гарпасёлку Наваельня, дзе ўшанавалі памяць загінулых Дзмітрыя Лазовіка, Аляксандра Шылава і іншых нашых землякоў, воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У Дварэцкай сярэдняй школе помняць і шануюць подзвіг воінаў-інтэрнацыяналістаў. У піянерскім пакоі ёсць куток памяці земляка-афганца, у школьным музеі адкрыта тэматычная экспазіцыя. Школьнікі наведваюць ветэранаў афганскай вайны дома, каб павіншаваць іх са святамі, прымаюць удзел у раённых дабрачынных акцыях, даглядаюць месцы пахавання воінаў-афганцаў Дзмітрыя Лазовіка і Юрыя Бяляткі. Штогод праходзіць валейбольны турнір памяці Дзмітрыя Лазовіка, у якім абавязкова прымае ўдзел каманда выпускнікоў.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/