Якім быў 2019 год для Цэнтра творчасці?



Як зазначыла дырэктар установы Таццяна Ваніслаўчык, год быў паспяховы і багаты на дасягненні.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава па выніках 2018-2019 навучальнага года адзначаны дыпломам першай ступені Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за перамогу ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы шматпрофільных установаў дадатковай адукацыі Гродзенскай вобласці. Дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь установа сёлета атрымала за высокую выніковасць удзелу ў рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі.

Усяго за кошт удзелу ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах скарбонка Цэнтра ў 2019 годзе папоўнілася 70 узнагародамі за прызавыя месцы, сярод якіх 24 - рэспубліканскія, 46 - абласныя.

Любіць і берагчы прыроду

У наш час асабліва актуальныя пытанні экалогіі. У Цэнтры творчасці ім надаецца нямала ўвагі. Вынікі работы педагогаў і навучэнцаў у гэтым кірунку неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Паспяхова юныя дзятлаўчане выступілі на абласным конкурсе "Экалагічная цацка". Навучэнцы Цэнтра і школ раёна заваявалі сем прызавых месцаў. Дыпломам першай ступені адзначаны навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы Глеб Марцінчык і Аляксей Кастусік, Вікторыя Харошка з гэтай жа ўстановы атрымала дыплом трэцяй ступені.

Навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Мілана Балакір і Ніка Добыш заваявалі дыпломы другой ступені. Такая ж узнагарода ў навучэнца Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Вадзіма Ціхана. Дыпломамі трэцяй ступені адзначаны Аксана Дула з Казлоўшчынскай сярэдняй школы і Данііл Купраш з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

Выніковым быў удзел у абласным бібліятэчным экатуры "Аб'ект малой радзімы". Для намінацыі "Беларуская фаўна" навучэнцы Цэнтра творчасці Кацярына Роўба і Яраслаў Грыб прадставілі свой лэпбук аб чырванакніжных жывёлінах-зубрах, якія не так даўно пасяліліся на Дзятлаўшчыне ва ўгоддзях мясцовага лясгаса. Кацярына і Яраслаў сталі пераможцамі намінацыі і адзначаны дыпломам першай ступені. Журы высока ацаніла праект, бо было прадстаўлена шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра лясных волатаў і іх прыродныя характарыстыкі. Аўтарам работы спадабалася адшукваць цікавыя факты пра зуброў у розных крыніцах ведаў. Цікавую інфармацыю аб жывёлінах навучэнцы прадставілі спачатку на выставе, якая ладзілася ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, а затым аформілі лэпбук для конкурсу.

Калі мадэль не горшая за арыгінал

Кожны год творчыя работы навучэнцаў Цэнтра, якія наведваюць аб'яднанне па інтарэсах "Стэндавы мадэлізм" (кіраўнік Фёдар Бойка), становяцца пераможцамі конкурсаў і выставаў рознага ўзроўню.

У 2019-м больш за 60 мадэляў ваеннай тэхнікі навучэнцы прадставілі на рэспубліканскай выставе-конкурсе стэндавага мадэлізму сярод моладзі "Ліда-2019". Адразу 15 работ дзятлаўчан былі адзначаны дыпломамі.

Другі год запар работы навучэнцаў Фёдара Бойкі заваёўваюць дыпломы за ўдзел у рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў установаў адукацыі. У намінацыі "Мадэляванне" дыпломамі трэцяй ступені адзначаны мадэлі Аляксея Цярэнцьева і Глеба Валадашчыка. А ўзнагародай аб'яднання па інтарэсах "Стэндавы мадэлізм" 2018 года быў дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Навучэнцы Фёдара Бойкі становяцца штогадовымі ўдзельнікамі абласных і рэспубліканскіх навагодніх мерапрыемстваў, у тым ліку з удзелам кіраўніка дзяржавы. Аляксей Цюшляеў і Глеб Валадашчык былі запрошаны на абласное навагодняе свята ў Гродна, а Сяргей Цюшляеў - на галоўную ёлку краіны ў сталіцу.

Свяці, "Калядная зорка"

У нашай краіне стала добрай традыцыяй у час зімовых святаў праводзіць рэспубліканскую выставу-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў "Калядная зорка". Вынікова прымаюць у ёй удзел навучэнцы аб'яднанняў па інтарэсах Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. 2019 год не стаў выключэннем. У намінацыі "Зімовыя святы Беларусі" першае месца на абласным этапе выставы-конкурсу заняла выцінанка Аліны Палуянцэвіч (кіраўнік Алена Турчэнік). Цяпер работа-пераможца прымае ўдзел у заключным рэспубліканскім этапе конкурсу, вынікі якога будуць падведзены ў студзені 2020 года.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/