Як жывеш, дзіцячы дом-сям'я?



У снежні 2014 года ў Дзятлаве быў адкрыты дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца 5 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Іх бацькамі-выхавальнікамі сталі Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна Шэлегі — шматдзетныя бацькі, якія маюць сем родных дзяцей, чацвёра з якіх выраслі і працаўладкаваліся, прычым двое ўжо стварылі ўласныя сем'і.

Тры гады, а менавіта столькі існуе дзіцячы дом сямейнага тыпу, — гэта невялікі тэрмін, але за гэты час у жыцці шматдзетнай сям'і адбыліся пэўныя змены. Пра іх карэспандэнтцы газеты расказала М. Г. Шэлег.

— Марына Генадзьеўна, што адметнага адбылося ў вашай сям'і?
— Падраслі нашы прыёмныя дзеці. Калі мы іх бралі, тром хлопчыкам не было і трох гадоў. Дваіх дзетак передалі ў нашу сям'ю з сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, а трое прыехалі з Гродзенскага спецыялізаванага дома дзіцяці. У красавіку 2015 года Павел, які знаходзіўся ў нас пад часовай апекай, вярнуўся ў біялагічную сям'ю. На жаль, цяпер яны з малодшай сястрычкай знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. Замест Пашы ў маі 2015 года мы ўзялі Ілью, але яго ўсынавілі ў верасні таго ж года. Цяпер з намі жывуць шасцікласнік Вова, яго брат Арцём, які ходзіць у другі клас, дашкольнікі Данік і Сямён, а таксама Кірыл — вучань чацвёртага класа.

Нашы дашкольнікі сталі больш уседлівыя, любяць маляваць, складваць канструктар. Наогул, усе хлопчыкі сталі больш дружныя, паслухмяныя, самастойныя.

Наша родная дачка Ліза сёлета скончыла 11 класаў і паступіла вучыцца на цырульніка-візажыста. Спадзяюся, у хуткім часе ў нас будзе свой сямейны майстар па стрыжках. Дачка вытрымала сур'ёзны конкурс, адчуваецца, што прафесія візажыста становіцца папулярнай. Але наш тата гаворыць, што галоўнае, каб работа была любімай, бо на працы чалавек праводзіць большую частку жыцця.

— А як ваша вялікая сям'я правяла летнія канікулы?
— Па традыцыі мы выязджалі на сямейны адпачынак на раку Шчара. Дзеці вельмі любяць гэтыя паездкі, калі на працягу многіх дзён мы жывём на ўлонні прыроды, начуем у адной палатцы, праводзім вечары каля вогнішча за чытаннем біблейскіх гісторый. У такія хвіліны, я лічу, адбываецца найбольшае яднанне сям'і, жыццёвыя ісціны прымаюцца бліжэй да сэрца. Мы сядзім пад шатром зорнага неба і разважаем, як правільна сябе паводзіць у жыцці. Вучым дзяцей, што нельга красці, падманваць, крыўдзіць людзей, бо зло, як бумеранг, вяртаецца назад.

Таксама летам мы азелянялі тэрыторыю вакол нашага дома: пасадзілі туі, аксаміткі, хрызантэмы. Палолі, даглядалі, палівалі іх разам. Нядаўна сабралі з кветак насенне. Працуючы, дзеці пачынаюць цаніць вынікі працы іншых людзей, імкнуцца самі ствараць прыгажосць.

За добрыя паводзіны мы ўзнагароджваем нашых дзетак. Сёлета, напрыклад, арганізавалі сямейную паездку ў аквапарк "Азёры", дзе ўсім вельмі спадабалася.

— Якія сямейныя традыцыі вы маеце?
— Галоўная з іх — віншаваць імяніннікаў. Гэта і торт са свечкамі, і цёплыя словы ад кожнага, і падарункі. Таксама адзначаем Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова. Рыхтуем падарункі, упрыгожваем пакоі, ладзім тэатральныя пастаноўкі. Калі ходзім віншаваць дзетак у сацыяльны прытулак, абавязкова бяром гітару, спяваем песні. Нашых дзяцей гэта вучыць дабрыні, дапамагае цаніць цеплыню сямейных адносінаў. Дарэчы, паколькі Ліза паступіла, мы плануем узяць з прытулка на выхаванне Пашу і яго сястрычку, калі іх не вернуць маме.

— Ці цікавіліся вы, кім збіраюцца стаць вашы прыёмныя дзеці?
— Кірыл марыць быць ветэрынарам і лячыць жывёлін. Вова шмат часу праводзіць са мной на кухні, зацікаўлена глядзіць, як я гатую розныя стравы, і марыць паступаць вучыцца на повара. Малодшыя яшчэ не вызначыліся, што ім даспадобы. А мы з мужам спадзяёмся, што ўсе нашы дзеці вырастуць годнымі людзьмі, убяруць у сябе ўсё тое, чаму мы іх вучым, будуць цаніць сям'ю, працу, дабрыню, а работу знойдуць любімую, каб прыносіла задавальненне.

— Марына Генадзьеўна, што б вы параілі бацькам, якія хочуць стаць прыёмнымі, але вагаюцца?
— Параіла б падарыць дзяцінства хаця б аднаму дзіцяці. У нас, дарослых, для гэтага ёсць і сілы, і магчымасці. Ведаю, што цяжка браць чужое дзіця ў сваю сям'ю. Але яны чакаюць нашай увагі і пяшчоты, яны маюць права на шчаслівае дзяцінства. Дайце ім шанц вырасці годнымі людзьмі.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/