Як працавалі сельгаспрадпрыемствы раёна?



Напярэдадні свята цікава было даведацца, як працавалі прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Дзятлаўскага раёна.
На гэта пытанне карэспандэнтцы адказала галоўны бухгалтар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыя Ціхан:

- У 2020 годзе сельская гаспадарка раёна дасягнула пэўных вынікаў у вытворчасці прадуктаў раслінаводства і жывёлагадоўлі. Сельгасарганізацыі атрымалі валавы збор зерневых і зернебабовых культур - 57 тысяч тон, рост склаў 23,3 % да мінулагоднага ўзроўню, ураджайнасць павялічылася на 6,3 ц/га. Раённым лідарам па намалоце стала ААТ "Граніт-Агра", дзе ураджайнасць склала 54,3 ц/га, таксама да 44,6 ц/га тут вырас намалот азімага рапсу. У цэлым па раёне валавы збор рапсу застаўся на ўзроўні 2019 года і склаў 5400 тон. Бульбы на Дзятлаўшчыне сабралі 4,5 тысячы тон, цукровых буракоў - 35,6 тысячы тон (ураджайнасць - 346 ц/га).

Сельгаспрадпрыемствам раёна ўдалося перасягнуць узровень мінулага года і па нарыхтоўцы кармоў. У разліку на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 23,3 цэнтнера травяных кармоў (+2,9 ц).

Па выніках работы за 10 месяцаў 2020 года прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы ў раёне склала 3418 тон, або 112,9 % да 2019 года. Прадукцыя вырошчвання свіней - 2616 тон, або 118,2 % да мінулагодняга ўзроўню.

Малака ў гаспадарках раёна надоена 44 114 тон - 110,2 % да 2019 года. Лідар па надоях - ААТ "Граніт-Агра", дзе ўдой на адну карову за 10 месяцаў склаў 6458 кг (+712 кг). КСУП "Хвінявічы" другі па выніках: тут надаілі 5022 кг на карову (+522 кг).

ААТ "Граніт-Агра" лідзіруе па выніках дзесяці месяцаў і па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы - 741 г (пры сярэднераённых 529 г). На другой пазіцыі КСУП "Хвінявічы", дзе сярэдняя прывага за суткі 621 г.

На свінакомплексе "Варакомшчына" ААТ "Граніт-Агра" гадуецца звыш 23 тысяч свіней, іх сярэднясутачная прывага складае 518 г.

Гаспадаркі раёна ў 2020 годзе ўжо рэалізавалі прадукцыю на суму звыш 55 мільёнаў рублёў, рост выручкі складае 124 %. Найбольшы прыбытак Дзятлаўскі раён мае ад рэалізацыі малака: у структуры таварнай прадукцыі яно займае 43,6 %. Гэта высокарэнтабельная вытворчасць: рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі - 37 %. Яшчэ вышэйшая яна ў КСУП "Войневічы" - 54%, ААТ "Граніт-Агра" - 41 %, КСУП "Жукоўшчына" - 39 %.

Па выніках за дзевяць месяцаў сярэднямесячная заработная плата ў сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўшчыны склала 748 рублёў (рост 122 %). Больш зараблялі ў ААТ "Граніт-Агра" - у сярэднім па 928 рублёў, КСУП "Хвінявічы" - 872 рублі, КСУП "Войневічы" - 787 рублёў, КСУП "Жукоўшчына" - 733 рублі.

Прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна працавалі прыбыткова: атрымана 3,1 мільёна рублёў прыбытку. Калі параўнаць гэту лічбу з 2019 годам, можна адзначыць, што прыбытак павялічыўся ў 2,4 раза.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/