Гэты факт неаспрэчны для ўсяго цывілізаванага свету, беларусы не выключэнне. Неад'емнай часткай інфраструктуры шматпавярховых забудоваў сталі кантэйнеры для раздзельнага збору другасных матэрыялаў, якімі дзятлаўчане ўсё актыўней карыстаюцца. Заставалася адкрытым пытанне з сарціроўкай у прыватным сектары. Аднак сёлета Дзятлаўскае РУП ЖКГ вырашыць і яго.
Цяпер у Дзятлаўскім раёне ёсць палігон для збору цвёрдых камунальных адходаў у Нарбутавічах і міні-палігон у Колках, якія знаходзяцца на балансе арганізацыі. Іх плошча і магчымасці, на жаль, не бязмежныя. 3 другога боку, праблема збору другасных матэрыяльных рэсурсаў з мэтай іх далейшай перапрацоўкі не губляе сваёй актуальнасці.
На гэты конт Дзятлаўскае РУП ЖКГ мае сваю стратэгію, пабудаваную на аснове абласнога плана, зацверджанага намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Дзяшко. Згодна з ім, задача на 2020 год - забяспечыць прыватны сектар горада Дзятлава магчымасцю раздзельнага збору смецця.
За сродкі аператара па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў для Дзятлаўскага РУП ЖКГ набыты смеццявоз для працы ў прыватным жылым сектары і 3830 кантэйнераў ёмістасцю 120 літраў. Тэхніка і першая партыя кантэйнераў ужо знаходзяцца на тэрыторыі арганізацыі.
Кожны гаспадар прыватнага дома атрымаё ў бязвыплатнае карыстанне ад РУП ЖКГ два кантэйнеры - шэрага і чырвонага колеру з лагатыпам арганізацыі. Шэры - для збору цвёрдых камунальных адходаў (ён заменіць бочкі і іншыя самаробныя прылады, якімі карыстаюцца гараджане для збору смецця), чырвоны - для другасных матэрыяльных рэсурсаў (шкло, пластык і папера, збіраем усё разам). Графік збору кантэйнераў будзе ўзгоднены і даведзены да ведама грамадзян.
Дзятлаўчане ў хуткім часе пабачаць сістэму двух кантэйнераў: першая партыя (каля 1300) прыбыла з Санкт-Пецярбурга і будзе дастаўлена ў прыватныя домаўладанні. Затым кожнае прыватнае домаўладанне наведаюць работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ, якія заключаць з гаспадарамі дагаворы на бязвыплатнае карыстанне кантэйнерамі. Пасля чаго кантэйнеры будуць дастаўлены домаўладальнікам.
- Ад імя арганізацыі прашу ставіцца да гэтай працэдуры з разуменнем і адказнасцю, - звяртаецца да дзятлаўчан намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль. - Пайсці насустрач нашым работнікам, заключыць дагавор, беражліва адносіцца да маёмасці арганізацыі і выконваць простыя патрабаванні да сарціроўкі. Наша арганізацыя цяпер выконвае вялікі аб'ём работы ў гэтым напрамку, просім зразумець гэта і паспрыяць.
Камунальнікі раёна спадзяюцца, што культура збору другасных матэрыяльных рэсурсаў насельніцтвам павысіцца. У сваю чаргу сістэма "двух кантэйнераў" у наступныя гады мусіць з'явіцца і ў гарадскіх пасёлках нашага раёна.
Навучыўшыся сартаваць, мы дапаможам і прыродзе, і эканоміцы, і сабе, паляпшаючы экалагічныя ўмовы ўласнага жыцця.
Калі ў вас узнікнуць пытанні, звяртайцеся на мабільны нумар 8-044-5092992.
Наталля СТУПЧЫК
Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/