"Я вырас тут, і край мне гэты дарагі"



Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна.Удзел у сустрэчы прынялі краязнаўцы, актывісты грамадскіх арганізацый, зацікаўленыя дзятлаўчане.

Работнікі бібліятэкі падрыхтавалі да юбілейнай даты выставу "Родны край, ты мне мілы спрадвеку". Фотаздымкі, змешчаныя на ёй, нагадалі, як наш раён і горад выглядалі ў розныя гады свайго існавання. Аб Дзятлаўшчыне сучаснай расказала відэастужка, якую таксама прадэманстравалі для ўдзельнікаў мерапрыемства.

Арганізатары свята нагадалі асноўныя падзеі з гісторыі роднага краю. Расказалі, што Дзятлаўскі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці. Аднак мірнае жыццё працягвалася нядоўга. Вялікая Айчынная вайна
на дзятлаўскай зямлі пачалася абаронай пераправаў праз рэкі Нёман і Шчару.

Да 30 ліпеня ўвесь раён быў акупіраваны нямецкімі войскамі. Тры доўгія гады беларускі народ знемагаў пад цяжарам фашысцкай аку-пацыі. На Дзятлаўшчыне была разбурана трэцяя частка доўгачасовых будынкаў, знішчаны школы, два льнозаводы, электрастанцыя, два спіртзаводы, прамкамбінат, 19 млыноў. 9 ліпеня 1944 года ворага прагналі.

Дзятлаўшчына стала адраджацца, аднавіліся партыйныя арганізацыі і органы савецкай улады. Дзейнічалі 15 сельскіх і адзін пасялковы савет, на іх тэрыторыях жылі 39 тысяч 400 чалавек, было 45 вёсак. 3 1954 года Дзятлаўшчына была ўключана ў склад Гродзенскай вобласці, а ў 1990 годзе гарадскому пасёлку Дзятлава прысвоены статус горада. Цяпер Дзятлаўшчына - самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі. Іх стваралі нашы землякі.

Больш падрабязна аб вядомых дзятлаўчанах расказаў краязнаўца Міхаіл Лук'янчык. Узгадаў імёны заснавальніка
Дзятлаўскай бібліятэкі Уладзіміра Квяткоўскага; заснавальнікаў . першага калгаса ў вёсцы Явар братоў Белых; заслужанага агранома БССР Вольгі Пакроўскай; заслужанага настаўніка БССР Аляксандра Антончыка; былога старшыні калгаса "Слава працы" Паўла Сарадоева, пры якім быў папулярны вакальна-танцавальны ансамбль "Рэчанька", вядомы і за межамі раёна; заснавальніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Міхаіла Петрыкевіча; партыйных дзеячаў Сяргея Кабяка і Івана Крыжаноўскага.

Старшы навуковы супра-цоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык прадставіла прэзентацыю аб некаторых людзях, прозвішчы якіх занесены ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Расказала пра Тамару Крывеня, заснавальніцу і нязменнага кіраўніка народнага музея "Дзеці ліхалецця" Новаяльнянскай сярэдняй школы; былога кіраўніка Міроўшчынскай сельгастэхнікі Леаніда Кашко; былую настаўніцу, а цяпер намесніка старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Яўгенію Савань; былога старшыню калгаса "Гвардыя" (цяпер AAT "Граніт-Агра") Сямёна Макарэвіча; настаўніцу матэматыкі гімназіі № 1 горада Дзятлава Ганну Урбановіч, вучань якой Ілья Угрын стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.

Пра развіццё фізкультуры і спорту на Дзятлаўшчыне, спартыўныя перамогі нашых землякоў расказаў краязнаўца і былы кіраўнік Дзятлаўскай дзіцячай спартыўнай школы Валерый Петрыкевіч.

Скончылася сустрэча на лірычнай ноце: свае вершы прысутным пачытала Алена Абрамчык.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/