Яўген Мацвееў - вялікі чалавек Наваельнянскай зямлі



2 снежня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння таленавітага доктара, паэта, мастака Яўгена Мацвеева. Яго лёс цесна звязаны з гарадскім пасёлкам Наваельня, дзе пражыў 42 гады, працаваў доктарам-фтызіятрам рэспубліканскага санаторыя, пісаў вершы, майстраваў драўляныя скульптуры, кіраваў драматычным гуртком.

У народным гісторыка-краязнаўчым музеі "Дзеці ліхалецця" Наваельнянскай сярэдняй школы прайшлі юбілейныя Мацвееўскія чытанні да 80-годдзя з дня нараджэння паэта. Літаратурную гасцёўню наведалі старшыня Беларускага літаратурнага саюза "Полацкая галіна" Алег Зайцаў, выдавец, журналіст, літаратар, публіцыст; паэтэсы Ірына Мацкевіч і Алена Цайко. Таксама на сустрэчу былі запрошаны калегі па рабоце, работнікі культуры, аматары талента Яўгена Мацвеева, творцы раённага аб'яднання "Пралескі", якім доўгі час кіраваў паэт.

Удзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі да магілы Яўгена Мацвеева на пасялковых могілках. Затым былі запрошаны на аглядавую экскурсію па гарпасёлку. Наведалі мясцовыя царкву Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, нядзельную школу, касцёл Святога Сэрца Езуса, бібліятэку, дом, дзе жыў паэт, рэспубліканскую туберкулёзную бальніцу "Наваельня", дзе ён працаваў, чыгуначны вакзал. Завяршылася экскурсія знаёмствам з музеем "Дзеці ліхалецця" Наваельнянскай школы.

Адчуўшы атмасферу, у якой жыў і пісаў вершы Яўген Мацвееў, удзельнікі сустрэчы ўзгадалі яго біяграфію. Кіраўнік музея Тамара Крывеня разам з вучнямі школы шмат гадоў займаюцца вывучэннем гісторыі пасёлка і лёсаў вядомых землякоў. Пра "Вялікага чалавека Наваельнянскай зямлі", яго творчасць прысутным расказалі навучэнцы школы і работнікі бібліятэкі, якія падрыхтавалі тэматычную кніжную выставу.

Яўген Мацвееў — народны мастак, працы якога захоўваюцца ў краязнаўчых музеях Гродна і Дзятлава, мастацкі кіраўнік, рэжысёр і акцёр самадзейнага тэатра гарпасёлка Наваельня, дыпламант шматлікіх рэспубліканскіх фестываляў.

Дзяцінства паэта прайшло ў вёсцы Ракітня пад Псковам. Жыў ён з дзядулем, матуляй, сёстрамі. Пасля вайны вучыўся ў Пыталаўскай сярэдняй школе, быў паспяховым вучнем. Яму пашанцавала з настаўнікам: трагічны лёс закінуў у глухую вёску былога вязня ГУЛАГа, які выкладаў рускую літаратуру, сам ведаў яе выдатна, асабліва любіў забароненага Сяргея Ясеніна. Яўгену і самому пашчасціла пазнаёміцца з вершамі паэта. Калі гасцяваў у цёткі ў Рызе, знайшоў надрукаваныя на машынцы творы і вывучыў іх на памяць. Пад уплывам паэзіі С. Ясеніна сам пачаў пісаць вершы.

У дзясятым класе Яўген захварэў на туберкулёз пазваночніка. Цяжкая Хвароба на год прыкавала юнака да ложка. Лежачы, ён старанна вучыўся, шмат чытаў. Жэня вырашыў, што, калі выздаравее, стане доктарам, будзе лячыць туберкулёз. Пасля школы Яўген Мацвееў паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, пасля заканчэння якога ў 1963 годзе быў размеркаваны ў рэспубліканскі санаторый "Наваельня" доктарам-фтызіятрам.

Свае сталае жыццё, дзесяцігоддзі творчасці Яўген Аляксеевіч прысвяціў гарпасёлку Наваельня, які лічыў другой Paдзімай. Тут ажаніўся, выгадаваў сына.

Пісаў шмат, аднак толькі ў апошнія гады прыйшло жаданне аддаць вершы тым, для каго яны прызначаліся — чытачам. У 1997 годзе ў выдавецтве "Полацкая галіна" выйшаў першы зборнік Я. Мацвеева "Пакажа сэрца мне Дарогу...". У 1999 годзе надрукаваны зборнік "Душа словы малітвы шукае...", у 2001-ым — "Захоўваючы кахання нябеснае святло", у 2002-ім — "Зоркі над родным прытулкам", праз год — "За яснабачаннем вясны". Шосты і апошні прыжыццёвы зборнік вершаў-успамінаў аб малой радзіме "Скрыжаванне ўсіх дарог" пабачыў свет у 2004 годзе. Сёмую кнігу "Ля берага жывых" склалі вершы апошніх гадоў. Восьмы паэтычны зборнік "Скрутак мрояў зямных", які выйшаў у 2007 годзе, падрыхтавалі жонка паэта Ніяніла Мацвеева і калегі па пяру. У кнізе змешчаны творы з архіва Яўгена Мацвеева.

Старшыня "Полацкай галіны" Алёг Зайцаў прадставіў даклад пра творчасць Яўгена Мацвеева і расказаў аб супрацоўніцтве паэта з аб'яднаннем. Калегі па аб'яднанні ўзгадалі наваельнянскага паэта як сціплага, прыемнага чалавека, а яго паэзію назвалі "светаноснай", адзначыўшы, што радкі многіх вершаў сталі афарызмамі. А ў 2016 годзе ў Мінску надрукаваны "Слоўнік эпітэтаў Яўгена Мацвеева" лексікографа Анатоля Бясперстых.

Паэтэса Алена Цайко прачытала ўдзельнікам літаратурнай гасцёўні работу Надзеі Палубінскай аб творчасці Яўгена Мацвеева, у якой аўтар піша аб філасофскіх поглядах паэта.

Свае вершы прачыталі Алег Зайцаў, Ірына Мацкевіч, Вера Хрышчановіч, якая прапанавала вуліцу Зялёную, дзе жыў паэт у Наваельні, перайменаваць у вуліцу Мацвеева. Пераклады вершаў паэта на беларускую мову чыталі Георгій Шундрык, Алена ААбрамчык.

І.КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/