Выжыць і знайсці сябе



У артыкуле "Дзяцінства, загартаванае вайной" была надрукавана інфармацыя пра Сцяткоўшчынскі дзіцячы дом (Казлоўшчынскі дзіцячы дом № 2 - аўт.), арганізаваны вясной 1946 года. Пошук выхаванцаў установы працягваецца.
Новая гісторыя - пра Маргарыту Каваленка. Яна даслала ўспаміны і расказала, як склаўся яе лёс.

Маргарыта Каваленка нарадзілася ў 1932 годзе ў вёсцы Лапуны Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. Яе маці, Вольгу Ісаеўну, накіравалі ў 1946 годзе працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Сцяткоўшчынскі дзіцячы дом тады яшчэ Казлоўшчынскага раёна Баранавіцкай вобласці. 3 5 класа Маргарыта вучылася ў Раготнаўскай сярэдняй школе, пасля яе заканчэння была камсоргам Яварскай сярэдняй школы. Затым Аляксей Пятровіч Шчарбацэвіч, дырэктар Рудаяварскай сярэдняй школы, запрасіў яе ў сваю ўстанову працаваць на-стаўніцай геаграфіі і біялогіі. Там Маргарыта выйшла замуж за Віктара Юшкевіча, паступіла на завочнае аддзяленне педінстытута. Па сямейных абставінах у 1964 годзе разам з трыма сынамі і дачкой пераехала на радзіму. Цяпер яна загадчыца краязнаўчага музея Старасельскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, актыўна займаецца кра-язнаўствам, апублікавала звыш дзясятка кніг па гісторыі Віцебшчыны. Пра Сцяткоўшчынскі дзіцячы дом успамінае:

- Гэта быў прыгожы двухпавярховы драўляны будынак, пафарбаваны ў сіні колер. Вакол дома былі ліпавыя алеі, якія двума радамі спускаліся да возера. 3 яго выцякала невялікая рачулка.- За возерам пачынаўся змешаны лес з дубоў, клёнаў, ясеняў, соснаў. У двары знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, вялікі мураваны хлеў, лазня, склеп, драўляныя домікі для прыслугі.

Дырэктар дзіцячага дома, маёр запасу Мацвей Лявонцьевіч Паўлаў, якога мы паміж сабою называл! проста Мацвей, быў вельмі строгі і патрабавальны, у той жа час добры чалавек, які нас разумеў. Хадзіў ён пастаянна ў вайсковай форме, пры пагонах. Першыя гады быў халасцяком і большую частку дня праводзіў у дзіцячым доме, што вельмі дысцыплінавала персанал і выхаванцаў. Добра памятаю выхавальніц Паліну Карпаўну і Марыю Фёдараўну, а таксама сваіх сябровак Кацярыну Новікаву і Зінаіду Чачура. 3 сяброўкамі мы жылі на другім паверсе дома ў вялікім пакоі на 16 чалавек. Усе гады знаходжання ва ўстанове былі як сёстры. Рэжым і правілы паводзінаў тут панавалі строгія.

Не магу сказаць, што ўсё было добра і ідэальна. Здаралася рознае, асабліва сярод хлопчыкаў. Сабраныя з усёй краіны беспрытульныя дзеці рознай выхаванасці не маглі адразу змяніцца, стаць на правильны шлях узаемаадносін. Былі выпадкі крадзяжу, уцёкі з дзіцячага дома, але паступова жыццё прыходзіла ў норму. Харчаванне ў дзіцячым доме было недастатковым: мы хадзілі паўгалоднымі. Таму імкнуліся часцей дзяжурыць у школьнай сталоўцы, дзе можна было падабраць крошкі хлеба ці "пачысціць" каструлі. Кавалачкі хлеба мы захоўвапі пад падушкамі. На святы, калі выдавалі прысмакі, мы іх "расцягвалі" на даўжэй.

У дзіцячым доме была добра наладжана піянерская і камсамольская работа, працавалі гурткі, у тым ліку музычны. Я была прынята ў піянеры з сяброўкамі Ірынай Лішык, Святланай Яромінай, Мілай Юткінай. Фізкультурная зарадка праводзілася штодзень на вуліцы, а зімою - у вялікай актавай зале. Калі ляжаў снег, мы каталіся на лыжах. Настаўніка фізкультуры ў нас не было. Акрамя дырэктара, былі яшчэ два мужчыны: завуч Фёдар Купрыяновіч і конюх Іван.

Вясковыя хлопчыкі часта "прагульваліся" на самаробных лыжах каля дзіцячага дома. Адзін з іх, Сцёпа, прапанаваў пакатацца і мне. У мяне не атрымлівалася, я часта падала, але праз некаторы час навучылася добра стаяць на лыжах.

Нашаму дырэктару вельмі ўдзячна. Калі нам споўнілася па 14-15 гадоў большую частку дзяўчынак накіравалі на курсы ткачых у Мінск. Трох выхаванак дырэктар накіраваў у сярэднія навучальныя ўстановы, яшчэ дзвюх, Фрузу Рабочую і Веру Кальцову, - у педвучылішча, а мяне - у суседнюю вясковую школу, дзе дамовіўся з дырэктарам, каб той даў мне гуртковую работу з аплатай. Жыла я на кватэрах у вяскоўцаў, якія кармілі мяне і дапамагалі выжыць. Асабліва запомнілася Любоў Іванаўна Белавус. У Яварскай школе Баляслаў Іосіфавіч Канановіч навучыў мяне ўпэўнена хадзіць на лыжах, што ў далейшым спатрэбілася. 3 гэтай школы разам з сяброўкамі паехала на два гады на асваенне цаліны.

Жыццё ў дзіцячым доме навучыла мяне сяброўству, калектывізму, выжываць у складаных умовах, дапамагло стананаўленню маёй асобы. Праз дзесяцігоддзі, праз іспыты лесу захоўваю ў памяці родны мне Сцяткоўшчынскі дзіцячы дом, маіх выхавальнікаў і сяброў. Калі хто з іх таксама помніць аб тых гадах, калі ласка, адгукніцеся.

Міхаіл ЛУК'ЯНЧЫК, краязнаўца

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/