Вяртанні дзяцей і папярэджанні аб адказнасці



Ha чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны чатыры пытанні. Два — аб магчымасці вяртання дзяцей у сем'і пасля прызнання іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Яшчэ два — хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі. Хадайніцтвы на адрас камісіі паступілі з Баранавіцкага ліцэя і адной з дзятлаўскіх школ.

Будуць гадаваць і бацька, і маці

Самым сур'ёзным пытаннем пасяджэння было вяртанне двух непаўналетніх дзяцей біялагічным бацькам. Задача ўскладнялася тым, што адабранне было не першае: старэйшага сына раней два разы прызнавалі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Для яго гэта было трэцяе, а для малодшага брата — першае адабранне. Да прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржабароне іх гадавала маці (бацькі ў хлопчыкаў розныя). Менавіта паводзіны жанчыны сталі прычынай таго, што дзеці трапілі ў сацыяльныя ўстановы.

Калі ж маці зноў стала абавязанай асобай, сітуацыя пачала выпраўляцца. Жанчына працуе, выконвае ўсе патрабаванні службаў прафілактыкі. Такім жа чынам паводзіць сябе і яе ранейшы сужыцель — бацька старэйшага хлопчыка. Цяпер ён заключыў шлюб з іншай жанчынай і пастаянна выказваў жаданне самому выхоўваць сына разам з жонкай, якая не супраць узяць хлопчыка ў сям'ю.
Паколькі ў маці ёсць яшчэ адзін маленькі сын, бацькоўства на якога яшчэ не ўстаноўлена, члены камісіі параілі жанчыне падзяліць клолаты аб дзецях з былым сужыцелем.

За сітуацыяй у сем'ях па-ранейшаму будуць уважліва сачыць. Калі пачнуць праяўляцца прыкметы сацыяльнага недабрабыту, у суд адразу ж будуць накіраваны дакументы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

Хлопчык вярнуўся дахаты

Наступнае пытанне аб магчымасці вяртання дзіцяці ў сям'ю тычылася хлопчыка, 2016 года нараджэння, і яго маці. За некалькі месяцаў, пакуль сын знаходзіўся ў Гродзенскім доме дзіцяці, жанчына паспела кардынальна памяняць свае жыццё. Цяпер яна жыве з маці, заўвагаў не мае, характарызуецца станоўча. Гэта адчувальныя вынікі, калі ўлічыць, што жанчына на чатыры гады асуджана да пакарання, не звязанага з адбываннем у месцах пазбаўлення волі, і прайшла курс лячэння ад наркатычнай залежнасці.

Па інфармацыі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, асуджаная зарэкамендавала сябе здавальняюча, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася. Аднак адзін раз не з'явілася ў міліцыю для рэгістрацыі без уважлівай прычыны, за што атрымала вымову ад начальніка міліцыі.

Затое маці рэгулярна наведвала доктара-нарколага. Наведвала і сына ў доме дзіцяці, передавала для яго сродкі гігіены.
Улічыўшы той факт, што жанчына сапраўды імкнулася зрабіць усё магчымае для выпраўлення, і многае ў яе атрымалася, члены камісіі далі маці шанц самой гадаваць сына. Аднак папярэдзілі, што сям'я па-ранейшаму будзе знаходзіцца на кантролі службаў прафілактыкі. Маці павінна памятаць і аб тым, што судзімасць у яе не пагашана. Права на новыя памылкі проста няма — можна аказацца за кратамі і быць пазбаўленай бацькоўскіх правоў.

Паабяцала выправіць сітуацыю

Ha адрас камісіі па справах непаўналетніх паступіла хадайніцтва з Баранавіцкага ліцэя. Там вучыцца падлетак з Дзятлаўшчыны, якога маці гадуе адна. Адміністрацыя навучальнай установы паведамляе, што хлопец мае запазычанасці па аплаце за інтэрнат, пазычае грошы ў майстра і не вяртае, у яго няма прадуктаў харчавання. Нядаўна падлетак прыехаў дахаты на выхадныя, а на занята не змог вярнуцца з-за адсутнасці грошай.

Маці хлопца выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама, але першы раз жанчына не прыйшла. Пагутарыць з ёю змаглі толькі на наступным пасяджэнні камісіі. Здаецца, маці была здзіўлена, што ў сына ёсць запазычанасці. Гэтаму ёсць аб'ектыўныя прычыны: на бацькоўскія сходы ў ліцэй яна не ездзіла, майстру не тэлефанавала, не цікавілася пра жыццё і вучобу сына. Жанчына пераконвала прысутных, што грошы хлопцу дае, а прадукты харчавання з дому ён не хоча браць.

Старшыня сельвыканкама пацвердзіў, што ў сям'і ёсць грошы, аднак маці не ўмее імі правільна распараджацца, адсюль і праблемы.
Жанчына паабяцала з'ездзіць у Баранавічы і разабрацца з сітуацыяй. Яе пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18. Папярэдзілі, што, калі сітуацыя не выправіцца, сына прызнаюць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Сужыцель даражэйшы за дачку

Маці дзевяцікласніцы схільная да злоўжывання спіртнымі напоямі. З-за яе паводзінаў сям'я ўжо другі раз запар трапляе на ўлік як сацыяльна небяспечная. Ёсць і яшчэ адна сур'ёзная праблема — сужыцель жанчыны. Мужчына раней быў судзімы, таксама схільны да злоўжывання алкаголем. Калі ён прыязджае, у хаце абавязкова збіраецца п'яная кампанія. Да дарослых далучаецца і сын жанчыны. Уласна кажучы, п'юць яны пераважна на грошы хлопца, які ездзіць на заробкі ў Расійскую Федэрацыю. У час такіх застолляў горш за ўсё даводзіцца дачцэ. Дзяўчыне часам няма як вывучыць урокі і выспацца.

Педагогі расказваюць, што "ваююць" з жанчынай даўно. Перыяды зацішша ў сям'і змяняюцца перыядамі новых п'янак.
Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пацікавіліся ў гора-маці, хто ж ёй даражэйшы: дачка ці сужыцель. Калі дачка, то чаму яна, насуперак патрабаванням міліцыі, зноў кліча ў госці гэтага мужчыну.

Маці папярэдзілі аб адказнасці і загадалі тэрмінова прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Пачалі збор дакументаў на прызнанне дзевяцікласніцы маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Яшчэ адна праблемная сітуацыя — і жанчына стане абавязанай асобай.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/