Восеньскі кірмаш у Наваельні



У Наваельні месца кірмашу адшукаеш адразу, калі ты не мясцовы чалавек: арыенцір - музыка па наваколлі, людзі -
з веласіпедамі і на машынах.

Абапал дарогі размясцілі свой тавар сельскага-спадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі, фермерскія гаспадаркі, райспажыўтаварыства.

Гандлююць сваёй прадукцыяй гаспадаркі: "Граніт-Агра", 'Жукоўшына", "Дварэц-Агра", "Белагурна". На продаж прывезлі бульбу, зерне, яблыкі, насенне.

Попыт у Наваельні на зерне вялікі. Вось і ўгадай: у Дзятлаве на мінулым кірмашы лідскія фермеры прастаялі са сваёй фурай з зернем і не распрадаліся. Зерня ў Дзятлаве хапала, а вось бульбы - не. У Наваельні ж бульбы дастаткова: можна купіць і ў фермераў, і ў сельгаспрадпрыемстваў, а зерня - не хапіла.

Як расказала бухгалтер КСУП "Дварэц-Arpa" Алена Татарынава, прывезлі бульбу сорту "скарб" і "брыз" - больш за чатыры тоны. Цана даступная - па 30 капеек. Куплялі добра, і, здаецца, хто меў патрэбу - набыў.

3 Белагурна на кірмаш прывезлі ячмень, пшаніцу, трыцікале, жыта. Андрэй Добыш, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП "Белагурна", расказаў, што зерне разабралі хутка. Шэсць тон - лічы, за гадзіну. Добры попыт быў на гарох: прадалі ўсе 100 кілаграмаў. А вось насенне лёну попытам не вельмі карысталася.

Сярод тых, хто не змог запасціся зернем, і Іван Грыб, былы старшыня мясцовага выканкама. Жартую: позна спіце!
Чую ў адказ парады, як задаволіць кірмашовы попыт.

- Я некалі дамаўляўся сам з гаспадаркамі. 50 тон збожжа на пасёлак, пэўна, хапіла б. Трэба вывучаць попыт. Многія ж трымаюць гаспадарку, у самога ёсць куры.

Хутка раскупілі на кірмашы рыбу. 100 кілаграмаў карася Ірына Сокал прадала таксама, лічы, за гадзіну. Прыкупіла
сама цыбулі ў фермераў. Па яе словах, а гандлюе Ірына Уладзіміраўна тут пастаянна і пакупнік яна пастаянны, сёлета на кірмашы ўсё ж менш прадпрымальнікаў, чым летась. Пашкадавала, што не было гандляроў са спецыямі, звычайна яны прыязджалі з Баранавічаў. Можа, падаліся ў іншае месца, цяпер паўсюдна кірмашы. А сваім гандлем жанчына задаволена, можна і адпачываць пасля напружанай працы.

Някепскі попыт быў на агародніну, якую прывезлі і сельгаспрадпрыемствы, і фермерскія гаспадаркі.
Вось, да прыкладу, фермерская гаспадарка "Хіневіч" з Навагрудскага раёна прапаноўвала капусту па 40 капеек, буракі - па 30, моркву - па 45. Цэны - падобныя і ў іншых фермераў.

Калі на мінулым дзятлаўскім кірмашы "экзотыкай" былі свяцільні ў выглядзе кветак, то ў Наваельні - жывыя блакітныя елачкі, лаванда, ля якой на памяць прыходзілі радкі песні "лаванда, горная лаванда...", і туі. Вось туі бралі вельмі ахвотна. А яшчэ многія новаяльнянцы неслі дахаты саджанцы. Самая пара для пасадак, таму набывалі і па адным, і па некалькі дрэўцаў.

3 прамысловых прадпрыемстваў на кірмашы гандляваў крухмальны завод. Па словах прадаўцоў, гандаль ішоў не вельмі бойка, аднак хто хацеў на кісель крухмалу - купіў: за 1 кг - 2,50; за паўкілаграма - 1,25 рубля.

Увогуле, новаяльнянскі кірмаш атрымаўся някепскі. Калі б хапіла зерня ды яшчэ мяса завезлі, зазначалі людзі, то і наогул можна было б казаць: кірмашовы дзень выдатны.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/