Воінам Афгана прысвячаецца



15 лютага 2021 года споўнілася 32 гады з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Закончылася вайна, якая пачалася без абвяшчэння і доўжылася 9 гадоў. Вайна, у якой загінулі больш за 14 тысяч савецкіх воінаў, больш за 22 тысячы салдат вярнуліся з раненнямі.

Мітынг адкрыў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён нагадаў, што дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана - даніна памяці ўсім, хто мае дачыненне да гераічнай і трагічнай афганскай вайны.
Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі ўзгадаў пра нашых землякоў, якім давялося прыняць удзел у апошняй вайне Савецкага Саюза.

- Мы ніколі не забудзем пра тое, што 130 ураджэнцаў Дзятлаўшчыны выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. 3 іх 22 узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі", 7 - "За адвагу", 4 - "За адзнаку ў воінскай службе" II ступені, 9 - "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы". Пяць нашых землякоў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі за праяўленыя адвагу i доблесць, двое з ix - пасмяротна. Гэта Аляксандр Шылаў з гарпасёлка Наваельня і Дзмітрый Лазовік з вёскі Малая Палонка. Памяць нашых землякоў і ўсіх салдат, якія загінулі ў Афганістане і памерлі ў пасляваенны час, ушанавалі хвілінай маўчання.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец засяродзіў увагу на сучасным і будучым значэнні подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў:
- Сёння, калі час няўмольна імкнецца наперад і ўсё менш застаецца з намі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, менавіта вам, воінам-інтэрнацыяналістам, трэба пераймаць эстафету ў справе патрыятычнага выхавання моладзі, зрабіць усё магчымае для тага, каб чорныя хмары вайны ніколі не згусціліся над нашай роднай Беларуссю. Ад усёй душы жадаю вам здароўя, сапраўднага баявога братэрства. Шчасця і спакою вашым сем'ям і мірнага неба над галавой.

Эстафету памяці перанялі вучні сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якія прысвяцілі воінам-афганцам шчырыя словы і пранікнёную песню.

Напрыканцы мітынга-рэквіема прысутныя ўсклалі вянкі і гірлянды да помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/