В. ПАЛЮХОВІЧ: "ЗАХОЎВАЕМ I ПАМНАЖАЕМ ТРАДЫЦЫІ"



Карэспандэнтка газеты сустрэлася з дырэктарам ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" В. Палюховічам і галоўным інжынерам прадпрыемства В. Болцік, каб даведацца пра вытворчыя дасягненні і планы.

Дырэктар ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" Вадзім Уладзіміравіч Палюховіч:

— Для мяне 2016 год адметны тым, што я заступіў на пасаду дырэктара. На Гродзеншчыне Дзятлаўскі сырзавод вядомы як прадпрыемства з багатымі традыцыямі і гісторыяй. Раней шмат пра яго чуў, даводзілася і пабыць тут. Быў прыемна здзіўлены своечасовымі paшэннямі папярэдняга кіраўніка, мерапрыемствамі, якія правёў калектыў. На заводзе граматна была спланавана паэтапная мадэрнізацыя. I цяпер якасць і асартымент прадукцыі даказваюць, што яна была своечасовай і неабходнай.

Дзякуючы апошняму этапу мадэрнізацыі, да традыцыйных выпускаемых прадуктаў дадаліся сыры мяккія тыпу рыкота. Цяпер мы пашыраем іх асартымент у фіксаванай вазе і ў якасці паўфабрыкату: Працуем над асартыментам тварагу ў сегменце ахалоджанага і замарожанага прадукта. Асноўная задача — дабіцца максімальнай загрузкі магутнасцяў прадпрыемства.

Наша стратэгія — дасягнуць больш высокіх пазіцый у агульнасанітарных паказчыках вытворчасці. Нашы гандлёвыя партнёры вельмі ўважліва адносяцца да якасці прадукцыі, прымаюць меры вытворчай бяспекі. Апошнім часам расійскія і казахскія калегі па галіне значна павысілі ўзровень вытворчасці, глыбіню перапрацоўкі сыравіны. Вядома, мы не пакідаем думкі аб дыверсіфікацыі рынкаў збыту, але яна ідзе не зусім тымі тэмпамі, як хочацца. Наладжваем кантакты ў межах Еўразійскага саюза, кансультуемся з абласнымі і рэспубліканскімі курыруючымі структурамі па выхадах на далёкія рынкі. Цяжкасці ў тым, што наш прадукт больш звыклы і традыцыйны для усходне-еўрапейскіх тэрыторый. Тым не менш, стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх форумах, дзе пра "Сырную стану" могуць даведацца партнёры, калегі, інвестары.

Што тычыцца вытворчасці, на перыяд да 2020 года ставім задачу правесці мадэрнізацыю участка пасолу сыру. На доўгатэрміновую перспектыву ставім задачу па аптымізацыі складской гаспадаркі для захавання санітарных патрабаванняў, якія нам прад'яўляюць, больш зладжанай работы ўчасткаў і падраздзяленняў, атрымання прадукцыі, якая адпавядае ўсім сучасным патрабаванням.

Думаю, усё ў нас атрымаецца, бо за невялікі тэрмін, які працую дырэктарам, я ацаніў калектыў ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" як высокапрафесійны, зладжаны, арыентаваны на выніковую работу. Мы павінны захоўваць і памнажаць існуючыя традыцыі, прэстыж брэнда, прыкладваць максімум намаганняў, каб прадпрыемства даказвала сваю канкурэнтаздольнасць.

Жадаю калегам стойкасці, цярпення, імкнення ставіць перад сабой амбіцыёзныя задачы і дабівацца іх вырашэння. Моцнага ўсім здароўя, цёплай сяброўскай атмасферы на працы і ў сем'ях. Асобна звяртаюся да ветэранаў вытворчасці, з якімі ўжо меў магчымасць пазнаёміцца. Я заўважыў на ранейшай сустрэчы, з якой іскрынкай у вачах работнікі-пенсіянеры, якія не адзін дзясятак гадоў аддалі вытворчасці, глядзяць на сваіх калегаў-сучаснікаў, радуюцца іх поспехам. Мы заўжды гатовы іх выслухаць. Жадаю ўсім моцнага здароўя і дабрабыту.

Галоўны інжынер ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" Вольга Аляксандраўна Болцік:

— 2016 год быў паспяховы для нашага прадпрыемства, што пацвярджаюць атрыманыя ўзнагароды. Сёлета ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" удзельнічаў у конкурсе "Лепшы прадукт InterFood St. Petersburg-2016". Вышкамі паездкі ў Санкт-Пецярбург сталі залаты медаль за першае месца ў конкурсе і званне "Лепшы прадукт InterFood St. Petersburg-2016", якім адзначана масла салодкавяршковае несалёнае "Крестьянское", дыплом за другое месца, які атрымалі за сыр мяккі "Capresi elite" з пажытнікам, дыплом за трэцяе месца — за сыр мяккі слабасалены "Рыкота".

Плённым быў і ўдзел у фестывалі сыру ў Гродне. Выстава прадукцыі "Сырной страны" заняла ганаровае трэцяе месца. У рэспубліканскім прафесійным конкурсе слабасалёны мяккі сыр "Рыкота" атрымаў дыплом другой ступені. У час народнай дэгустацыі сыру, якую на фестывалі ладзіў часопіс "Прадукт. BY", дыпломам за першае месца адзначаны сыр "Галандскі прэміум" 45% тлустасці, дыпломам другой ступені — сыр "Чыз-Лайт" 30% тлустасці, бронзавым прызёрам стаў слабасалёны мяккі сыр "Рыкота".

Дарэчы, нашы мяккія сыры тыпу рыкота спадабаліся расійскім спажыўцам. У Расійскай Федэрацыі карыстаюцца попытам і сыры ў слайсернай нарэзцы, дзякуючы сваёй эканамічнасці спажывання і зручнай упакоўцы.

Цяпер на новым абсталяванні мы адпрацоўваем тэхналогію вытворчасці тварагу. Ён выпускаецца ў "шайбах" па 200 грамаў. Падбіраем aктyальную для спажыўцоў лінейку тлустасці (нізкатлусты, сярэднятлусты, больш высокай тлустасці). Працуюць нашы тэхнолагі і над новымі відамі сыроў з высокай тэмпературай другога награвання. Гэта цвёрдыя элітныя сыры тыпу пармезан, папулярныя ў Беларусі і за яе межамі. Нашы навінкі спажыўцы змогуць пакаштаваць толькі ў другой палове 2017 года, бо распрацоўка дакументацыі, вызначэнне тэрміну прыдатнасці — даволі працяглы працэс.

Прыміце цёплыя і шчырыя пажаданні моцнага здароўя, сямейнага шчасця, далейшых вытворчых дасягненняў. Жадаю, каб работа прыносіла задавальнене і фінансавы дабрабыт.

Гутарыла I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/