Усміхацца - дазваляецца, сумаваць - забараняецца



3 снежня ў рамках акцыі "Свет дабрыні", прымеркаванай да Міжнароднага дня інвалідаў да навучэнцаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі завіталі госці.

Падарункі для асаблівых дзяцей і цёплыя словы падтрымкі падрыхтавалі педагогі і выхаванцы ясляў-сада № 1 горада Дзятлава, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Аксана Вырко, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, старшыня і сакратар раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і Ядзвіга Гушча.

Святочнае гульнявое мерапрыемства "Свет выратуе дабрыня" правялі з навучэнцамі цэнтра піянеры-валанцёры раённага савета ГА "БРПА" і раённага валанцёрскага клуба "Мы разам" (навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава).

Уключыцца ў вясёлую гульню асаблівых дзяцей заклікала Мышка-Ірышка, ролю якой паспяхова сыграла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Ірына Мішчанка. Спачатку праз гульню-крычапку пазнаёміліся з правіламі паводзінаў на свяце, сярод якіх галоўнымі былі: "Усміхацца - дазваляецца, сумаваць - забараняецца".

Згулялі ў мяч, гучна называючы свае імёны. Затым уявілі сябе маленькімі вожыкамі і старанна паўтаралі за Мышкай розныя рухі. Не менш захапляльнымі для навучэнцаў цэнтра былі гульні "Хто хутчэй", "Зоркі", "Астравы". Напрыканцы сустрэчы дзеці, педагогі і госці станцавалі некалькі папулярных танцаў. На развітанне Мышка-Ірышка і валанцёры падарылі дзецям цукеркі і паветраныя шары, пажадалі моцнага здароўя і бадзёрага настрою.

Ірына ЛАГУН, загадчыца аддзела ЦТДМ горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/