Усё, што дзеткам трэба для школы: Падарункі ад гасцей з Люксембурга атрымалі у сацыяльна-педагагічным цэнтры у Дзятлаве



Нядаўна мы расказвалі пра гуманітарную дапамогу Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ад сямейнай пары з Люксембурга.

У гэтым годзе Рэнэ і Жуэль правялі на Дзятлаўшчыне больш за тыдзень і паспелі зрабіць шмат добрага і шчодрага. Значныя і патрэбныя падарункі яны перадалі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр у Дзятлаве. "Сябры ахвяраў Чарнобыля" - назва дабрачыннай арганізацыі з Люксембурга, прэзідэнтам якой з'яўляецца Рэнэ Фіш.

Сімвалічна, што Рэнэ і Жуэль прыехалі менавіта да пачатку навучальнага года, калі дзецям больш за ўсё неабходна дапамога ў падрыхтоўцы да школы, а ў Беларусі дзейнічае акцыя "Збяром дзіця ў школу". Для дзяцей Дзятлаўскага СПЦ сямейная пара набыла пісьмовыя сталы, школьныя прылады. Дзякуючы ім, цяпер ва ўстанове адукацыі абноўлены і добраўпарадкаваны ванны пакой, з'явіліся новыя камп'ютары і сістэмныя блокі, канапа, вялікі дыван у гульнявым пакоі, сучасныя цюлі і шторы, пыласос, уборачны інвентар, бытавыя сродкі і сродкі асабістай гігіены.

Дарэчы, муж і жонка прыязджаюць у наш раён амаль штогод на працягу ўжо 20-ці гадоў. У Дзятлаўскім сацыяльна-педагагічным цэнтры да іх адносяцца як да родных і заўсёды з нецярпеннем чакаюць.

- Чаму менавіта Дзятлава? - пытаюся ў замежных гасцей.
- Больш за 20 гадоў таму ў нас жыў Віктар з Дзятлава, - тлумачыць Жуэль.

Як вядома, дзеці пэўных катэгорый часта адпрауляюцца на аздараўленне ў замежныя сем'і. Хлопчык Віктар з Дзятлаўскай школы-інтэрната трапіў у люксембургскую сям'ю Фіш для часовага пражывання. Ад яго сям'я даведалася пра Дзятлаўшчыну, і вось ужо два дзясяткі гадоў яны амаль штогод прыязджаюць са значнай дапамогай для дзятлаўчан, якія маюць патрэбу.

Падрыхтоўка да паездкі ў Дзятлава няпростая і патрабуе вялікіх клопатаў. У Люксембургу валанцёры пякуць розныя кандытарскія вырабы - вафлі, тарты, пірожныя - спецыяльна для таго, каб прадаваць у Калядныя святы, а атрыманыя грошы збіраюць для дапамогі людзям невялікага беларускага горада.

Раней Рэнэ Фіш быў дзяржаўным чыноўнікам і займаў высокую пасаду, Жуэль таксама працавала ў офісе. Цяпер яны на пенсіі.

Сям'я вельмі любіць жывёл прыехала ў Дзятлава са сваім гадаванцамі - сабакамі Кірай Гізі. Госці з Люксембурга заўсёды падарожнічаюць разам з калматымі сябрамі, якіх у сям'і чатыры.

3-за любові да братоў меншых Рэнэ і Жуэль не змаглі быць абыякавымі і да прытулка для жывёл. Даведаліся праз Інтэрнэт, што такі прытулак ёсць у Брэсце, купілі шмат корму для жывёл і аказалі кіраўніцтву фінансавую дапамогу ў будаўніцтве новага будынка на тэрыторыі гадавальніка.

Замежныя госці - прыхільнікі прыроды. Жуэль вельмі марыла ўбачыць у Беларусі бусла, і ў гэтым годзе яе мара ажыццявілася. Бусел прыйшоў сам да аграсядзібы ў Цяцейках на Дзятлаўшчыне, дзе спынялася сям'я Фіш. Да таго ж, дырэктар Дзятлаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ала Жэгалік падарыла гасцям ад дзяцей і калектыву скарбоначкі ручной работы з малюнкам бусла - прадвесніка шчасця.

Пры знаёмстве з гэтай люксембургскай парай ствараецца ўражанне, што сімвал іх жыцця - любоў. Любоў адзін да аднаго, да чужых людзей, да жывёл, да прыроды, увогуле - любоў да жыцця. У іх два дарослыя сыны, адзін з якіх нядаўна ажаніўся, таму сям'я расце. Рэнэ і Жуэль уласным прыкладам прывіваюць сваім дзецям каштоўнасць сям'і, і не можа быць сумненняу, што прозвішча Фіш яшчэ шмат пакаленняў будзе славіцца сваей шчодрай душой і шчырас-цю. У дабрыні і суперажывання няма нацыянальнасці, як і няма прафесіі. Гэта ідзе з сэрца.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/