Усё робіць толькі на выдатна



Абаяльная, захопленая, улюбёная ў свой прадмет, з высокім інтэлектам, матываваная на прафесійны рост і пастаянную самаадукацыю, на поспех у абранай справе. Так можна коратка ахарактарызаваць настаўніцу біялогіі Наваельнянскай сярэдняй школы Алену Вільгельмаўну Баковіч.

Па выніках 2017/2018 навучальнага года за асаблівы уклад у развіццё здольнасцяў адораных навучэнцаў па рашэнні савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алена Баковіч адзначана заахвочвальнай прэміяй. Гэта заслужаная ўзнагарода.

Урокі Алены Вільгельмаўны можна назваць школай жыцця і выхавання. Адносіны настаўніцы з вучнямі будуюцца на глыбокім перакананні ў тым, што ўсе дзеці таленавітыя. Любы, нават самы маленькі поспех дзіцяці, яна выкарыстоўвае для таго, каб даказаць гэту думку. Настаўніца вучыць дзяцей, што кожны з іх — частка сусвету, што трэба ўмець знаходзіць сябе, не баяцца выказваць уласныя думкі. Педагог упэўнена, што сучасныя вучні матываваныя, кемлівыя, крэатыўныя, хутка засвойваюць любы матэрыял.

Значнае месца ў педагагічнай дзейнасці Алены Вільгельмаўны займае работа з адоранымі дзецьмі. Выяўляючы такіх навучэнцаў, настаўніца імкнецца развіць іх таленты праз факультатывы, індывідуальныя заняткі, парады па самаадукацыі. Карпатлівая праца дае адпаведныя вынікі. За апошнія пяць гадоў Алена Вільгельмаўна падрыхтавала 12 пераможцаў на розных этапах алімпіяды па біялогіі. Праяўляюць сябе яе навучэнцы і на рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару.

3 2015 года атрыманы 16 дыпломаў, толькі летась вучань Алены Баковіч Ягор Сокал атрымаў 5 дыпломаў на розных этапах навукова-даследчых канферэнцый. ён быў узнагароджаны дыпломам першай ступені на абласным конкурсе даследчых работ "Крыштальная Альфа", дыпломамі другой ступені на абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў у секцыі "Вада і водныя экасістэмы", на нацыянальным этапе Міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу, Міжнароднай канферэнцыі маладых даследчыкаў "Адукацыя. Навука.Прафесія" ў горадзе Самара. У гэтым навучальным годзе Ягор таксама займеў два дыпломы: першай ступені - на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў і дыплом другой ступені - на абласным этапе конкурсу даследчых работ "Крыштальная Альфа". Спадзяёмся, што тэта не апошнія ўзнагароды навучэнца Наваельнянскай школы і таленавітай настаўніцы.

У свеце ўсё мяняецца, з'яўляюцца новыя прафесіі, удасканальваецца тэхніка, але вечна будзе жыць справа настаўніка, які ўкладвае ў работу душу і сэрца. Не кожны здольны стаць геніяльным мастаком, музыкантам ці вучоным. Не кожны можа "вырасці" да таленавітага настаўніка. Алену Вільгельмаўну Баковіч упэўнена можна назваць сапраўдным сейбітам вечнага, добрага і мудрага. Мяркую, яе жыццёвае крэда заключаецца ў тым, каб усё рабіць на выдатна.

Больш за 18 гадоў крочыць яна са сваімі вучнямі па краіне ведаў. Пасля заканчэння біялагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў Алены Баковіч было нямала прапановаў, але наша зямлячка вярнулася на малую радзіму, каб быць бліжэй да бацькоў, быць патрэбнай там, дзе нарадзілася. Спачатку працавала настаўніцай Лапушанскай базавай школы, затым - у Таркачах, а з 2009 года выкладае біялогію ў сваёй роднай Наваельнянскай сярэдняй школе. На уроках Алена Вільгельмаўна стараецца зацікавіць вучняў, і не проста зацікавіць, а падтрымліваць і развіваць іх інтарэс да біялогіі.

Поспехі дзяцей для яе - справа прыярытэтная. Пленная праца не застаецца незаўважанай: неаднаразова Алена Вільгельмаўна была адзначана дыпломамі і граматамі. Высокая ацэнка педагагічнай дзейнасці заахвочвае яе рухацца наперад. У жыцці яна кіруецца дэвізам: "Няма межаў для дасканаласці" і знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку. Паводле законаў фізікі, зверху можна толькі ціснуць, а ідучы наперадзе - цягнуць. За Аленай Вільгельмаўнай да поспеху цягнуцца яе вучні, і, дзякуючы таленту настаўніцы, іх агульныя справы робяцца на выдатна.

Ларыса РАДЗІОН, настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/