Уручылі веласіпеды ад прафсаюза



Работніцам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна перададзены дарожныя веласіпеды.
Чатыры веласіпеды маркі "Аист" былі набыты за кошт прафсаюзных сродкаў. Як памятаем, сёлета ў сярэдзіне студзеня на Дзятлаўшчыне пабываў старшыня рэспубліканскага прафкама Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Сяргей Халява. Тады прафсаюзны лідар прывёз дзятлаўскім сацыяльным работнікам грашовы сертыфікат на адну тысячу рублёў для набыцця веласіпедаў.

Не прайшло і аднаго месяца, як чатыры новенькія "Аисты" былі закуплены ўстановай сацыяльнага абслугоўвання. Дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпор-чык перадала тры з іх сваім работніцам: сядзелкам Вользе Паўлусенка і Жанне Стральцовай, сацыяльнай работніцы Іне Сіняк. Чацвёрты веласіпед пакуль застаецца ў рэзерве. Яго ўручаць новай работніцы, якую чакаюць у Цэнтры.

Таццяна Нікіпорчык расказала, што вельмі ўдзячна галіноваму прафсаюзу і асабіста Сяргею Халяве за падтрымку. Як кіраўнік Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, яна ведае, наколькі веласіпеды неабходны сацыяльным работніцам. Яны скарачаюць час на дарогу, дапамагаюць даставіць падапечным без асаблівых намаганняў цяжкія сумкі з прадуктамі і рэчамі першай неабходнасці.

Парадаваліся новым транспартным сродкам і самі работніцы. Напрыклад, Іне Сіняк, якая абслугоўвае пажылых людзей у Лявонавічах, Малдавічах і Лозках, за дзень даводзіцца пераадольваць да 15 кіламетраў дарогі, таму новы веласіпед без сумнення стане яе надзейным памочнікам.

Сядзелка Жанна Стрельцова, якая працуе ў Дзятлаве, таксама задаволена, бо зможа хутчэй паспяваць да сваіх падапечных, якія жывуць у розных канцах горада - на вуліцах Белуша і Фогеля. Ды і да магазіна "Еўраопт", дзе можна набыць усё неабходнае для хворых людзей па памяркоўных цэнах, цяпер дабірацца будзе лягчэй і хутчэй.

Яе калега - сядзелка Вольга Паўлусенка - увогуле жыве ў Міроўшчыне, а людзей даглядае ў райцэнтры. 3 бадзёрасцю ў голасе яна зазначае, што цяпер ей не давядзецца дабірацца на работу пешшу. Як толькі сыдзе снег, з новым веласіпедам яна ўжо не растанецца. Цяпер "жалезны конь", якога можна весці ў руках, дапаможа з лёгкасцю даставіць для падапечных важкія сумкі.

Адным словам, падарунак ад прафсаюза значна палегчыць жыццё нашым зямлячкам і зробіць іх работу больш прадукцыйнай і хуткай.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/