У СЯМ'І - ЖАЛЕЗНЫ ЎЗРОСТ



1921 год. Цягнік з бежанцамі накіроўваецца з Расіі ў Беларусь. Дарога нялёгкая, складаная, непрадказальная. Менавіта ў гэтым цягніку ў адным з вагонаў на свет нараджаецца хлопчык, якога бацькі назавуць Мікалаем.

3 таго моманту мінула ўжо 95 гадоў. Амаль цэлае стагоддзе жыцця — нялёгкага, поўнага выпрабаванняў, якія, тым не менш, ён прайшоў годна.
Сёння Мікалай Аляксандравіч Андура разам з жонкай Янінай Адамаўнай жыве ў дачкі ў аграгарадку Раготна.

У сямейнай пары — трое дзяцей, шэсць унукаў і тры праўнукі. Сёлета знакавы для ўсіх іх юбілей — жалезнае вяселле Мікалая Аляксандравіча і Яніны Адамаўны, 65-год-дзе іх сумеснага жыцця.

Яны пазнаёміліся ў Пецюках. Гэтая вёска з'яўляецца радзімай Яніны Адамаўны. Тут жыла і сястра Мікалая Аляксандравіча. У адзін з візітаў да яе сярод вясковай моладзі ён і заўважыў прывабную дзяўчыну, якая пазней стала яго жонкай. Распісаліся маладыя ў Пецюках — у тыя гады там знаходзіўся сельскі Савет. Адбылося гэта 2 лютага, а 29 красавіка Мікалай Аляксандравіч і Яніна Адамаўна павянчаліся ў Дзятлаўскім касцёле, далі клятву заўжды быць побач — у радасці і ў горы.

— Чым спадабаліся адзін аднаму? — цікаўлюся ў юбіляраў.
— А хто яго ведае! — адказваюць з усмешкай.

Я ж у сваю чаргу па-філасофску разважаю, што, напэўна, так было наканавана лесам, каб дзве жыццёвыя дарогі дагэтуль чужых адзін аднаму людзей сышліся ў адну. Відаць, нездарма кажуць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах.

Расказваючы пра гэтую сям'ю, нельга не ўзгадаць Вялікую Айчынную вайну. Яніна Адамаўна ў пяцігадовым ўзросце засталася без мамы, а ў 1941 годзе памёр бацька. Мачаха пакінула дзяцей адных, пайшла жыць у сваю хату.

— Так і гадаваліся адны, — узгадвае Яніна Адамаўна.
— Была гаспадарка, неяк карміліся. Пасля старэйшага брата забралі на фронт. Дахаты ён не вярнуўся — застаўся жыць у Польшчы. Яго дачка з сям'ёй цяпер жыве ў Італіі.

Мікалай Аляксандравіч таксама ваяваў у час Вялікай Айчыннай вайны — на трэцім Беларускім фронце.
У адным з баёў ён быў цяжка паранены, лячэнне праходзіў у Казанскім шпіталі. Пасля выпіскі з бальніцы на цягніку прыехаў у Баранавічы, на спадарожных машынах даехаў да Слоніма. А ў Мядзвінавічы, дзе яго чакалі родныя людзі, дабіраўся пешшу.

— Трохі падыду, затым адпачываю. Затым ізноў іду. Усё ж такі пасля ранення быў яшчэ вельмі слабы, — узгадвае Мікалай Аляксандравіч.
Дома ён спачатку працаваў на гаспадарцы, даглядаў малодшых дзяцей.

А, увогуле, працоўнае жыццё Мікалая Аляксандравіча звязана з калгасам "1 Мая", дзе ён быў паляводам, а затым — вартаўніком. Яніна Адамаўна працавала на ФАПе, а пасля — тэхработніцай у школе.

Нягледзячы на тое, што цяпер ветэран Вялікай Айчыннай вайны жыве ў аграгарадку Раготна, кіраўніцтва і работнікі СВК "Жукоўшчына", тагачаснага калгаса "1 Мая", не забываюцца пра Мікалая Аляксандравіча.

— Вельмі ўдзячны ім за гэта, — гаворыць ён. — Дай Бог ім здароўя. Вось і сёлета дапамаглі нам з бульбай. Штогод віншуюць мяне з Днём Перамогі.

Самі нястомныя працаўнікі Мікалай Аляксандравіч і Яніна Адамаўна навучылі любіць працу і сваіх дзяцей.

— Тата з мамай выхоўвалі нас у строгасці, — расказвае пра сваіх бацькоў іх дачка Тэрэза Мікалаеўна. — Толькі мы ніколькі не шкадуем пра гэта... Ды і асабліва шкоднічаць нам не было калі. Памятаю, што ўжо ў дашкольным узросце разам з мамай хадзіла палоць буракі на калгасныя дзялкі.
Увогуле, мама ў нас і сёння не можа сядзець склаўшы рукі. Яна вельмі любіць вязаць. Калі была маладой, прыгожыя кофты вязала. А яшчэ пякла вельмі смачныя велікодныя пірагі.

Гэта пацвярджае і Мікалай Аляксандравіч. Нягледзячы на свой пажылы ўзрост, ён па-ранейшаму глядзіць тэлевізар, сочыць за тым, што адбываецца ў свеце. А яшчэ вельмі любіць жартаваць. Нават на польскай мове.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/