У ратавальны шлях, хуткая!



Прыемная нагода сабрала каля аддзялення хуткай дапамогі Дзятлаўскай раённай бальніцы прадстаўнікоў медыцыны, райвыканкама, прафсаюза, СМІ. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы перададзены медыкам раёна новы аўтамабіль хуткай дапамогі. Грошы на яго набыццё выдзелены з раённага бюджэту - амаль 95 тысяч рублёў.

Такім чынам, новы год для медыкаў Дзятлаўшчыны пачаўся з важкага набытка, які дазволіць больш якасна аказваць дапамогу жыхарам Дзятлаўскага раёна, уратаваць жыццё многіх людзей.

Варта зазначыць, што аўтамабіль абсталяваны з разлікам аказваць экстраную дапамогу: аснашчаны дэфібрылятарам, ЭКГ-апаратам, прыборам для штучнага вентылявання лёгкіх, кіслародным інгалятарам. Ёсць насілкі, шыны, іншыя патрэбныя рэчы, якія неабходны для аказання дапамогі і ратавання жыцця.

Аўтамабілю рада і брыгада хуткай дапамогі. Права атрымаць ключы ад новай машыны было прадастаўлена Аляксандру Радзюку. Разам з медыкамі выязной брыгады - фельчарам Вольгай Жыбко, медсястрой Настассяй Чайка, супрацоўнікамі аддзялення хуткай дапамогі - дыспетчарам-фельчарам Ірынай Латушка, старшым фельчарам Ірынай Ішуцінай вопытны вадзіцель прымаў віншаванні і пажаданні.

Самім медыкам быць заўсёды здаровымі, каб дзятлаўчане менш хварэлі, як мага радзей ім патрабавалася экстраная дапамога, пажадаў на ўрачыстасці намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч. ён зазначыў, што пытанням медыцынскага абслугоўвання жыхароў раёна надаецца значная ўвага. Выдзелены сродкі на рамонт шостага паверха райбальніцы, на чарзе - іншыя аддзяленні, фасад. 3 часам медыцынская ўстанова набудзе належны сучасны вьігляд. А вось наколькі першая дапамога аказваецца хутка і якасна, наколькі задаволены пацыенты, залежыць менавіта ад медыкаў, тых, хто працуе ў выязных брыгадах.

Як расказала намеснік галоўнага доктара па медыцынскай частцы Інэса Гусева, кожныя суткі працуюць тры брыгады. Патрэба ў новым аўтамабілі была значная, паколькі пяць-шэсць гадоў - і неабходна абнаўляць тэхніку. Новым "Фордам" вельмі задаволены.

Прыемны падарунак - відэарэгістратар - атрымалі медыкі ад свайго нядаўняга калегі, цяпер старшыні Дзятлаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Валерыя Макарчыка. Гэта рэч дазволіць вырашаць спрэчныя моманты, калі яны раптам узнікнуць на дарозе.

Благаславіў выязную брыгаду і асвяціў новую машыну хуткай дапамогі ксёндз Андрэй Пышынскі з прыхода Сэрца Ісуса. 3 малітвай ён акрапіў святой вадой і тэхніку, і людзей.

Напрыканцы ўрачыстасці намеснік галоўнага доктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Уладзімір Калодка падзякаваў за такі прыемны і вельмі патрэбны падарунак, за нагоду, якая халодны дзень 22 студзеня зрабіла ўрачыстым.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/