У прафсаюзаў раёна - новы старшыня



У Дзятлаве прайшла першая справаздачна-выбарная канферэнцыя Дзятлаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў.

Яго старшыня Андрэй Сатараў выступіў з дакладам "Аб рабоце Савета Дзятлаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў за перыяд са студзеня 2015 года па снежань 2019 года".

Вынікамі сваей працы падзяліўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Таксама з дакладамі аб дзейнасці і планамі на будучыню выступілі выбраныя ў мінулым годзе прафсаюзныя інспектары Дзятлаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Аляксей Цітоў, Алена Абрамчык і Сяргей Малышчык.

На канферэнцыю былі запрошаны ганаровыя госці, якія таксама ўзялі слова, адзначылі важнасць і неабходнасць дзейнасці прафсаюзных арганізацый, падзякавалі за працу прысутным у зале старшыням пярвічак, пажадалі далейшых поспехаў у рабоце, павіншавалі з навагоднімі і каляднымі святамі. Гэта старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Мікалай Мацюкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Сіняк, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Андрэй Кардаш.

Работу Дзятлаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў за справаздачны перыяд прызналі здавальняючай. Новым старшынёй адзінагалосна быў выбраны Валерый Макарчык.

Напрыканцы сходу адбыліся ўручэнні ўзнагарод, а таксама прайшоў невялікі канцэрт. Так, Падзяку Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў атрымаў Андрэй Сатараў, юбілейным медалём "115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі" ўзнагароджаны Нікадзім Бутурля, Ганаровую грамату прэзідыума Савета Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў атрымала Алена Ёда, Граматай раённага аб'яднання прафсаюзаў узнагароджаны Алена Абрамчык і Дзмітрый Шостак.

Святлана ГРЫШЫНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/