У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны



Балельшчыкі з трыбун крычалі: "Што нам так неабходна: Гол! Гол! Гол!". I надзеі спраўдзіліся: 5 сыграных матчаў і 52 агульным лікам забітыя шайбы - у варотах сапернікаў.

Зборная хакейная каманда Дзятлаўскага раёна "Алмаз" бездакорна сыгранымі матчамі трапіла ў поле зроку спецыялістаў, узнялася на алімп хакейнага п'едэстала і тым самым спраўдзіла самыя смелыя спадзяванні трэнераў і балельшчыкаў.

Юныя хакеісты Дзятлаўшчыны, заўзятары штодзённых трэніровак на Лядовых пляцоўках пад адкрытым небам, сезонныя наведвальнікі Лядовых палацаў суседніх раённых цэнтраў, сёння - зоркі спартыўных рубрык, аб'ект увагі фота- і відэакамер. У іх - бліскучая і трыўмфальная перамога ў абласным хакейным турніры "Залатая шайба".

3 18 па 20 лютага Лядовы палац горада Ліды стаў месцам сустрэчы лепшых хакейных дзіцячых каманд вобласці. Тут праходзіў абласны турнір сярод дзяцей і падлеткаў "Залатая шайба".

Усяго за пуцёўку ў фінал "Залатой шайбы" змагаліся 11 абласных каманд у малодшай узроставай катэгорыі.

Першым днём каманда дзятлаўчан сыграла матч з камандай Свіслацкага раёна. Лік 23:0 стаў вызначальным. На наступны дзень нашы спартсмены сустрэліся з камандай Астравецкага раёна і з лікам 9:0 атрымалі чарговую перамогу. У гэты ж дзень адбылася гульня дзятлаўскага "Алмаза" з хакейнай камандай з Мастоўскага раёна. Не пакінулі юныя дзятлаўчане магчымасці забіць шайбу і гэтай камандзе. Так, з лікам 3:0 яны атрымалі яшчэ адну зорную перамогу і тым самым выйшлі ў фінал.

20 лютага нашы хакеісты правялі чарговыя дзве гульні. Першымі на лёд выйшлі каманды Дзятлаўскага і Смаргонскага раёнаў: 14:0 - і бліскучая перамога ў дзятлаўчан. Апошняя сустрэча дзятлаўскага "Алмаза" прайшла з камандай "Арляты" з пасёлка Орля Шчучынскага раёна. 3 лікам 6:1 дзятлаўчане атрымалі зорную перамогу над двухкратным чэмпіёнам вобласці аднайменнага турніру,

Кубак пераможцаў і золата абласнога турніру "Залатая шайба" - у хакеістаў дзятлаўскага "Алмаза". Тым самым дзятлаўчане атрымалі пропуск на ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах "Залатая шайба" на прыз Прэзідэнта Беларусі.

Рэспубліканскія спаборніцтвы "Залатая шайба" ў малодшай узроставай групе адбудуцца 24 сакавіка ў Маладзечне.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/