У гасцях у навагодняй казкі



У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці акцыя "Нашы дзеці" 28 снежня сабрала на раённы навагодні ранішнік 20 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Чараўніца Зіма заклікала хлопчыкаў і дзяўчынак ажыццявіць падарожжа ў навагоднюю казку. Паколькі казак без добрых сюрпрызаў не бывае, у госці да дзятвы завіталі начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус, галоўны спецыяліст аддзела, яна ж дырэктар Дзятлаўскага раённага аддзялення РГА "Беларускі дзіцячы фонд" Алена Чайкоўская, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік, метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Сіўко.

Ад Дзятлаўскага раённага выканаучага камітэта і аддзела адукацыі Наталля Белаус пажадала маленькім удзельнікам свята, каб усё задуманае ў іх спраўдзілася ў новым годзе.

Да віншаванняў далучылася Алена Чайкоўская і ад раённай арганізацыі Беларускага дзіцячага фонду падарыла сацыяльна-педагагічнаму цэнтру горада Дзятлава гадзіннік і вешалку.

Дзед Мароз і Снягурачка заклікалі дзятву танцаваць з роставымі лялькамі, паслухалі навагоднія вершыкі маленькіх удзельнікаў свята, уручылі ім падарункі і цукеркі ад раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі.

У рамках акцыі "Нашы дзеці" 24 снежня ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з падарункамі ад грамадскіх арганізацый прыйшлі старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі, старшыня раённай арганіэацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар аб'яднання Ядвіга Гушча.
Разам з нераўнадушнымі людзьмі, прадстаўнікамі аргані-зацый і грамадскіх ініцыятываў вандруе па Дзятлаўшчыне дабрачынная акцыя "Нашы дзеці".

Гэтым разам яна завітала ў гімназію № 1 горада Дзятлава, дзе старшыня праўлення Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Фонд міру" Марыя Жыдко павіншавала з надыходзячым Новым годам і Калядамі аднаго з вучняў - Гардзея Самахвала і ўручыла яму салодкі падарунак ад Беларускага фонду міру.

- Сёлета ў межах акцыі "Нашы дзеці" мы віншуем дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з надыходзячымі навагоднімі святамі. Гэта 21 дзіця, якія жывуць у 16 апякунскіх сем'ях нашага раёна ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Наваельні, Раклевічах, Дварцы. Каб павіншаваць дзетак, мы наведваем дашкольныя навучальныя ўстановы і школы раёна, - расказала пра акцыю Марыя Вікенцьеўна.

Яна пажадала, каб навагоднія святы сталі для дзетвары не толькі самымі салодкімі і прыемнымі, але і самымі вясёлымі.

Ірына СТЫРНІК, Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/