У футбол гуляюць хлопчыкі і дзяўчынкі



Напярэдадні пачатку новага навучальнага года ў Дзятлаўскім раёне стартуе акцыя "Запішыся ў спартыўную школу". Пазнаёміцца са спартыўнымі дысцыплінамі і выбраць цікавую для сябе прапануе бацькам і сваім будучым выхаванцам Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Як запісацца на заняткі і што цікавага там чакае школьнікаў, расказаў старшы трэнер-выкладчык па футболе Уладзімір Ганчар.

- Адбор дзяцей у спартыўную школу пачнецца з 1 верасня і будзе доўжыцца да 1 кастрычніка. У гэты перыяд трэнеры-выкладчыкі спартыўнай школы будуць праводзіць тэматычныя заняткі па розных відах спорту, што дапаможа дзецям вызначыцца ў іх жаданнях і перавагах. У бацькоў з'явіцца магчымасць на працягу месяца пазнаёміцца з вучэбнай інфармацыяй, існуючымі дысцыплінамі і дапамагчы дзецям зрабіць правільны выбар.

- Чэмпіянат свету па футболе, які праходзіў у нашых суседзяў-расіян, выклікаў шчырую цікавасць да сябе сярод людзей рознага ўзросту. Сёлетнія спартыуныя пляцоўкі адметна папоўніліся колькасцю гуляючай у футбол дзятвы. Ці чакаеце наплыву і інтарэсу сярод школьнікаў менавіта да гэтай дысцыпліны?

- Футбол заўсёды прывабліваў да сябе аматараў. Сёлетні чэмпіянат яшчэ раз абазначыў маштабнасць гульні, прадэманстраваў жаданне "быць у гульні" да апошняй хвіліны, уменне забіваць і рабіць гэта якасна і прыгожа. Наплыву чакаем, безумоўна. Разлічваем, што актывізуюцца дзяўчаты. Плануем пашыраць набор і развіваць дзявочы футбол як перспектыўны напрамак.

- Які крытэрый адбору выхаванцау на аддзяленне "Футбол"?
- Галоўнае патрабаванне, як і ў любым відзе спорту, - каб не было супрацьпаказанняў да заняткаў спортам, а гэта асноўная група здароўя. Напісаць заяву на залічэнне ў секцыю мы прапануем бацькам і будучым навучэнцам у тэрмін да 1 кастрычніка. На аддзяленне "Футбол" могуць запісацца дзеці ва ўзросце ад 8 да 12 гадоў.

- Колькі раз на тыдзень плануецца праводзіць заняткі па футболе?
- Гэта будзе залежаць ад узроуню падрыхтоўкі выхаванцаў. Пачатковае звяно (першы год навучання) займаецца тры разы на тыдзень па паўтарыгадзіны, наступнае за ім - таксама тройчы на тыдзень, але па дзве гадзі-ны, выхаванцы з 2-х да 3-х гадоў навучання займаюцца 4 разы на тыдзень, звыш 3-х гадоў - 5 разоў на тыдзень па 2 гадзіны.

- Раскажыце пра трэнерскі састаў і матэрыяльна-тэхнічную базу футбольнага аддзялення.
- Сёлета ў Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе будуць працаваць два трэнеры: на базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы - трэнер-выкладчык Аляксандр Кавальчук, на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава - старшы трэнер-выкладчык Уладзімір Ганчар. Для трэніровак створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база, у прыватнасці, спартыуныя і трэнажорная залы, рознага ўзроўню спартыўныя пляцоўкі на цэнтральным стадыёне "Колас", таксама ёсць пляцоўка са штучным пакрыццём на тэрыторыі сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, маецца паўнавартасная камплектацыя спартыўнага інвентара. Зімой выхаванцы школы могуць наведваць басейн. Акрамя таго, на базе спартыўнай школы працуе летнік "Алімпіец", што дазваляе весці з выхаванцамі бесперапынную трэніровачную дзейнасць.

Заняткі па ўсіх дысцыплінах у нашай школе праводзяцца на бясплатнаи аснове. Выезд на спаборніцтвы раённага, абласнога ўзроўню для дзяцей таксама бясплатны, з харчаваннем.

- Раскажыце пра дасягненні мінулага навучальнага года і пра планы на будучы год,
- Сярод адметных перамог - другое месца ў першынствах па футболе Гродзенскай вобласці сярод хлопчыкаў 2005 года нараджэння і трэцяе месца сярод хлопчыкаў 2007 года нараджэння, якія праходзілі ў горадзе Шчучыне.
Унікальным стаў праект "Футбол у вёсцы", які быў распрацаваны і рэалізоўваўся з маёй уласнай трэнерскай ініцыятывы і падразумяваў стварэнне і пастаянную падтрымку ігракоў і футбольных камандаў сярод сельскіх школаў. Дзякуючы гэтаму праекту, адметна павысіўся ўзровень якасці гульні, сістэмнай стала падрыхтоўка і адбор лепшых ігракоў. Асаблівая ўвага надавалася адпрацоўцы гульнёвых рухаў, тэхніцы ўдара. Дзякуючы падтрымцы Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола", адметна папоўніліся матэрыяльна-тэхнічныя базы вясковых школ.
Сёлета плануем не спыняцца на дасягнутым. Адна з найбольш паспяховых ініцыятыў будучага навучальнага года - удзел у рэспубліканскім праекце "Шосты школьны дзень".
Акрамя таго, АБФФ сумесна з ФІФА распрацаваны праект па развіцці дзявочага футбола. Апошнім часам дзяўчаты ўсё больш акаэваюцца ўцягнутымі ў гэту гульню - ігракі, суддзі, афіцыйныя асобы або валанцёры. У дзяўчынак Дзятлаўшчыны зараз ёсць ідэальная магчымасць для пераймання вопыту гульні ў футбол і перспектыва ў будучым далучыцца да прафесійных футбалістак. Рэалізацыя гэтага праета плануецца на працягу 2018-2019 навучальнага года. Да ўдзелу запрашаюцца дзяўчынкі ва ўзросце да 13 гадоў.
Фінальным этапам стане правядзенне рэспубліканскага першынства сярод дзявочых футбольных каманд. Праект поўнасцю фінансуецца Асацыяцыяй БФФ.

- Куды можна звярнуцца школьнікам і іх бацькам, якіх зацікавіла гэта інфармацыя?
- Запісацца ў спартыўную школу можна па заяве бацькоў або законных прадстаўнікоў дзіцяці.
Адрас: г. Дзятлава, вул. Чапаева, 18/1. Даведкі па тэл. 8-01563-2-71-48.
Адрас сайта: dyshdyatlovo. schools.by.
Адрас электроннай пошты: dtdush@mail. grodno. by.
А таксама па тэл.: старшы трэнер-выкладчык Уладзімір Юр'евіч Ганчар, тэл. +37529-342-74-22 (трэніровачныя заняткі праходзяць на базе СШ № 3 г. Дзятлава).
Трэнер-выкладчык Аляксандр Іосіфавіч Кавальчук, тэл. +37544-797-96-48 (трэніровачныя заняткі праходзяць на базе Казлоўшчынскай СШ).

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/