У Дзятлаве дзяжурыла рэйдавая група



На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна дзейнічае 13 добраахвотных дружын, тры з якіх - у горадзе Дзятлаве. Гэта прадстаўнікі ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", Дзятлаўскага РУП ЖКГ і ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас". У 2018 годзе склад добраахвотных дружын перагледжаны і аптымізаваны, выдадзены пасведчанні адзінага ўзору. 4 студзеня 2019 года адбыўся чарговы занятак з камандзірамі добраахвотных дружын на тэму "Прафілактыка крадзяжоў".

19 студзеня 2019 года на ахову грамадскага парадку ў горадзе Дзятлаве заступіла добраахвотная дружына Дзятлаўскага лясгаса сумесна з участковым інспектарам міліцыі і прадстаўніком з раённай газеты "Перамога".

У аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама адказны дзяжурны правёў інструктаж, давёў аператыўную абстаноўку на тэрыторыі раёна, паставіў задачы. У дружыннікаў і супрацоўнікаў, якія заступалі на службу, былі правераны пасведчанні, форменнае абмундзіраванне.

Пасля інструктажу рэйдавая група прыступіла да выканання сваіх абавязкаў. У гэты марозны вечар людзей у горадзе было няшмат. Спачатку быў праведзены абход двароў шматкватэрных жылых дамоў, гарадскога парка, плошчы, дыскатэкі ў кінатэатры "Спадарожнік" і аўтазаправачнай станцыі. Як заўважыў участковы інспектар Цімур Мірасаў, аўтазаправачная станцыя - гэта адзінае месца ў раёне, дзе яшчэ ажыццяўляецца рэалізацыя алкагольных напояў у начны час, таму супрацоўнікі ўнутраных спраў трымаюць яго на кантролі.

Пры абследаванні возера ў гарадскім парку звярнулі ўвагу на шыльду з надпісам "Катанне на вадаёме забаронена!". У пачатку студзеня бягучага года востра паўстала пытанне катания на цюбінгах у неўстаноўленых месцах, што прыводзіць да траўматызму з-за невыканання грамадзянамі мер бяспекі. На возеры людзей не было, толькі звярнулі на сябе ўвагу дзікія качкі, якія плавалі ля моста на незамерзлым участку вадаёма.

За час работы рэйдавай групы парушэнняў грамадскага парадку і антыалкагольнага заканадаўства жыхарамі горада Дзятлава не выяўлена.

Даведка

Колькасць злачынстваў, якія ўчыняюцца ў грамадскіх месцах на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, засталася на ранейшым узроўні - 16 злачынстваў, з іх адно хуліганства ў центры горада.

Добраахвотная дружына - значная дапамога ўчастковаму інспектару міліцыі ў нялёгкай рабоце па забеспячэнні парадку і спакою грамадзян.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/