У Дзятлаве асвяцілі новы храм



Святкуючы 700-годдзе Навагрудскай епархіі, 25 лістапада 2017 года Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел; мітрапаліт Чарнігаўскі і Ноўгарад-Северскі Амвросій; архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый; епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан; епіскап Барысаўскі, Мар'інагорскі Веніямін і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый здзейснілі чын вялікага асвячэння храма ў гонар навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве і Божую літургію ў новаасвечаным храме. За багаслужэннем маліўся схіепіскап Дзятлаўскі Пётр.

3 раніцы прыхаджане і госці горада пачалі збірацца на царкоўным двары — чакалі прыбыццё каўчэжца з часцінкамі святых мошчаў навамучанікаў і спаведнікаў рускіх, якія пацярпелі за веру ў гады бязбожных ганенняў на праваслаўную Царкву. Каўчэжац быў створаны па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, таксама па рашэнні Святога Сінода да 100-годдзя эпохі ганенняў на Рускую праваслаўную царкву.

У каўчэжцы сабраны часцінкі мошчаў іерархаў, святароў і веруючых, якія пацярпелі за веру ў гады ганенняў. Сярод іх — часцінкі мошчаў свяціцеля Ціхана Маскоўскага, свяціцеля Лукі Крымскага і многіх іншых падзвіжнікаў.

Каўчэжац з мошчамі ўрачыста ўнеслі ў храм, вернікі засталіся на вуліцы чакаць прыезду Уладыкі Паўла. Кветкамі яго сустракалі юныя дзятлаўчане, хлебам-соллю на парозе новага храма ад імя прыхаджан павітала Галіна Мілейка. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел са святарамі здзейсніў чын вялікага асвячэння храма, пасля якога адбылася Божая літургія. На ей таксама прысутнічалі ганаровыя госці — памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, а таксама прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі — старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, яго намеснік Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.

Пасля богаслужэння з прывітальным словам да Патрыяршага Экзарха звярнуўся архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, падзякаваў мітрапаліту Паўлу за наведванне Навагрудскай епархіі, асвячэнне храма і сумесную малітву.

Мітрапаліт Павел, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што асвячэнне храма ў гонар Святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве — падзея доўгачаканая і радасная для вернікаў горада. Сімвалічна, што яна адбылася ў год святкавання 700-годдзя Навагрудскай епархіі.

Мітрапаліт Чарнігаўскі і Ноўгарад-Северскі Амвросій заклікаў прыхаджан шанаваць новы храм як святое месца, дзе ўзносяцца малітвы за жывых і памерлых.

Ад імя Гродзенскага аблвыканкама з асвячэннем храма святароў і вернікаў павіншаваў Ігар Папоў і ўручыў падарункі. Да словаў віншавання далучыўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён перадаў новаму храму іконы.

Напрыканцы прысутным у храме былі ўручаны іконкі Сабора Навагрудскіх святых, вернікі змаглі прыкласціся да каўчэжца з часцінкамі святых мошчаў.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/