Тысячы перавезеных тон



"Ніхто, акрамя нас" - з такім дэвізам працуе на палетках КСУП "Жукоўшчына" вадзіцель аўтамабіля МАЗ-551605 Аляксандр Пышко.

2 жніўня ён перавёз на збожжасушыльны комплекс 90 тон зерня і тым самым дасягнуў рубяжу ў 1016 тон. 3 працоўным дасягненнем яго павіншаваў старшыня РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і ўручыў Ганаровую грамату, грашовыя прэміі і падарункі.

Каштоўны падарунак, словы падзякі і шчырыя віншаванні вадзіцель-тысячнік прымаў і ад дырэктара КСУП "Жукоўшчына" Івана Свіба і намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алены Свіб.

Вадзіцель аўтамабіля МАЗ-555102 Мікалай Мікшут, які працуе ў КСУП "Дварэц-Агра", таксама зазначыўся ў ліку тых, хто прадэманстраваў свае высокія вынікі на адвозцы збожжа ад камбайнаў. 1 жніўня Мікалай Станіслававіч перавёз 82 тоны зерня каласавых культур і тым самым "дагнаў" свой працоўны вынік да 1006 тон перавезенага ад камбайнаў зерня.

Старшыня РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП "Дварэц-Агра" Аляксандр Сачык шчыра павіншавалі тысячніка, падзякавалі за адказнасць і дысцыплінаванасць у працы на жніве, адзначылі Падзячным лістом і падарункамі, пажадалі поспехаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/