Турнір грацый



У Дзятлаве адбыўся II штогадовы турнір па мастацкай гімнастыцы і спартыўнай акрабатыцы "Крылы да поспеху".

Выхаванкі трэнера Валерыя Герасіменкі спаборнічалі ў дзвюх узроставых катэгорыях мастацкай гімнастыкі і спартыўнай акрабатыцы.

Пераможцаю турніру ў малодшай катэгорыі мастацкіх гімнастак (7-8-гадовыя дзяўчынкі) стала Варвара Юрэня. Прызавыя месцы занялі Соф'я Каско і Марыя Масейчык.

У старэйшай узроставай групе (дзяўчынкі 9-11 гадоў) найбольш удала выступіла Карына Дарашкевіч. Прызёрамі сталі Аляксандра Ганчар і Аляксандра Зайцава.

Пераможцы турніру спартыўных акрабатак (парныя выступленні) - Віялета Ёрш і Вікторыя Лазарава.

Другое месца судзейская калегія пад кіраўніцтвам Васіля Шыцько прысудзіла адразу дзвюм парам: Анастасіі Ахрамінскай — Валерыі Татарчык і Таццяне Сівай - Ясеніі Салаўёвай.

Бронзавыя прызёры-сястрычкі Вольга і Ганна Радомскія.

Пераможцы і прызёры турніру адзначаны дыпломамі і медалямі, пра якія парупіўся асабіста Валерый Герасіменка. Для самых юных гімнастак гэтыя медалі - лершыя ў жыцці. Дзяўчынкі займаюцца гімнастыкай толькі чатыры месяцы, але самыя настойлівыя дэманструюць ужо і неблагую расцяжку, і спартыўны характар. Старэйшыя займаюцца гімнастыкай і акрабатыкай па году-два і выяўляюць артыстызм.

Турнір юных грацый пад назваю "Крылы да поспеху" прайшоў у гарадскім Цэнтры культуры другі раз і, паводле намеру трэнера Валерыя Герасіменкі, мае стаць традыцыйным.
Пасля завяршэння праграмы спаборніцтваў гімнасткі і акрабаткі выступілі перад гледачамі з паказальнымі выступленнямі.

Барыс ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/