ЦЁПЛАЯ СУСТРЭЧА 3 РАБОТНІКАМІ КУЛЬТУРЫ



Ці даўно вы наведвалі сваіх бацькоў? А калі апошні раз елі цудоўныя бабуліны дранікі і смяяліся са старых анекдотаў, якія так любіць расказваць дзядуля? Калі не можаце адказаць у першыя пяць секунд, я настойліва раю вам наведаць самых родных і дарагіх у свеце людзей, тым больш што ў кастрычніку для гэтага была не адна нагода: 1-га адзначаўся Дзень пажылых людзей, а 14-га — Дзень маці.

У гэтыя цудоўныя святы кожны пенсіянер, кожная жанчына, якая носіць ганаровае званне "маці", заслугоўваюць букеты восеньскіх кветак, самыя шчырыя віншаванні і добрыя песні.

3 песнямі, якія саграваюць душу ў халодныя і дажджлівыя восеньскія дні, творчы калектыў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на чале з загадчыцай Ганнай Харлінскай правёў рэйд-віншаванне па вёсках Засецце і Клішавічы. У дарогу накіраваліся артысты Святлана Венская, Ірына Бакшук, Іван Пятраш, Дзмітрый Міскевіч.

Дзякуючы старасце вёскі Засецце Ганне Канстанцінаўне Даргевіч, якая аднеслася да мерапрыемства надзвычай адказна, ніводны пенсіянер гэтай вёскі не застаўся без віншаванняў. Са шчырай радасцю сустракалі артыстаў Марыя Іосіфаўна Гільвін, Браніслава Бенядзіктаўна Жукель, Марыя Ігнацьеўна Шышня, Марыя Іосіфаўна Жыбко, Марыя Антонаўна Багдзель, Вольга Сцяпанаўна Пакроўская, Галіна Данілаўна Гульнік, Яўгенія Рыгораўна Дорда, Яўгенія Іосіфаўна Патыш, Фелікс Аляксандравіч і Ядвіга Браніславаўна Варабей.

Вёска Клішавічы таксама парадавала ўдзельнікаў рэйда цёплым прыёмам. Было вырашана правесці адзін вялікі канцэрт для ўсіх пажылых людзей. Гасцінна прыняла артыстаў і гледачоў адна з вясковых хат. Застольныя песні, прыпеўкі, шчырыя віншаванні, словы падзякі і невялікі грашовы падарунак ад ідэолага СВК "Граніт-Агра" Людмілы Іванаўны Мядзведзь — усё было ў гэты дзень для старэйшага пакалення гэтай невялікай, але такой прывабнай і каларытнай вёсачкі.

Ганна Міхайлаўна Малько, Ганна Леанідаўна Крылова, Валерый Мікалаевіч Снітко, Галіна Мікалаеўна Сабалеўская — гэта далека не поўны спіс удзельнікаў сустрэчы, якім у гэты пахмурны дзень работнікі культуры дарылі сонечны настрой і чые добразычлівасць і адкрытасць сагравалі сэрцы самім артыстам.

Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці мае шмат цудоўных традыцый. Адна з іх — ніколі не забываць пра людзей старэйшага ўзросту, якім асабліва патрэбна наша ўвага і падтрымка. Давайце будзем падтрымліваць гэту добрую традыцыю і мы.

М. КАСКО, навучэнка гімназіі №1 горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/