Тры хвіліны для поспеху



Пра бяду трывожна нагадвае гук сірэны пажарнага аўтамабіля. Паспець, каб па магчымасці не даць здарыцца трагедыі, - задача не з лёгкіх. I тут многае залежыць ад прафесіяналізму вадзіцеля пажарнага аўтамабіля. Аварыйна-выратавальнай часці № 1 Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пашанцавала: тут працуюць выдатныя вадзіцелі. Сярод іх - Аляксандр Журскі, які сваей справе аддаў больш за 10 гадоў.

Нарадзіўся ў вёсцы Васявічы на Дзятлаўшчыне, вучыўся ў Дварэцкай сярэдняй школе, а спецыяльнасць атрымліваў у Казлоўшчынскім ліцэі. Пасля гэтага - служба ў мотастралковай роце ў Гродне. Час дарма не праходзіў, і пасля адпаведнага навучання Аляксандр стаў старшым механікам-вадзіцелем баявой машыны пяхоты.

Вярнуўшыся на Дзятлаўшчыну, адразу атрымалася ўладкавацца працаваць у СВК "Дварэц-Агра", наступнае месца працы - Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. А з 2005 года пачаўся новы этап у прафесійнай дзейнасці Аляксандра: ён стаў ратаўніком. Яго партрэт нават быў занесены на Дошку гонару раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вадзіцелем пажарнай аўтамашыны пачаў працаваць пасля неабходнай стажыроўкі.

- Было няпроста, але ў мяне атрымалася пераадолець усе цяжкасці і атрымаць кваліфікацыю. Я назаўжды запомніў, што менавіта ад падрыхтоўкі вадзіцеля, яго прафесіяналізму залежыць многае ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый, - прызнаецца Аляксандр Журскі.

У чэрвені мінулага года прайшоў фінальны этап абласнога конкурсу "Лепшы вадзіцель падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Гродзенскай вобласці-2018". Там Аляксандр Журскі заняў трэцяе месца.

Свой высокі ўзровень майстэрства ваджэння і тэарэтычнай падрыхтоўкі ён паказаў на заключным этапе спаборніцтваў "Лепшы вадзіцель органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь-2018", які прайшоў у Мінскім гарадскім упраўленні МНС.

- Спачатку мы здавалі правілы дарожнага руху, і я без памылак рашыў білет за тры хвіліны. А затым выдатна выканаў практычныя заданні на легкавым аўтамабілі, - падзяліўся Аляксандр.

Усяго тры хвіліны наблізілі вадзіцеля з Дзятлава да перамогі, і па выніках усіх этапаў спаборніцтва Аляксандр Журскі заняў другое месца ў намінацыі "Кіраванне спецыяльным легкавым аўтамабілем", за што адзначаны дыпломам і памятным падарункам. Але на гэтым узнагароды за прафесіяналізм для вадзіцеля не скончыліся. У снежні ў абласным упраўленні МНС адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Гродзенскай вобласці. Заслужаныя узнагароды работникам уручыў Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў прапаршчык унутранай службы Аляксандр Журскі быў узнагароджаны медалём "За бездакорную службу" III ступені.

Вядома, мужчына можа з поўным правам ганарыцца сваімі дасягненнямі, але ён толькі сціпла прыМае ўзнагароды і зусім гэтым не выхваляецца.

Тылам і стымулам для Аляксандра з'яўляецца яго сям'я. Блізкія заўсёды падтрымліваюць мужчыну і бачаць у ім толькі лідара. Але Цікава, што яшчэ важна для яго ў жыцці? Як аказалася, са школьных гадоў ён "захварэў" спортам. Тады захапляўся стральбой, цяпер - плаваннем, бегам. I нават у гэтых напрамках неаднаразова ўдзельнічаў у спаборніцтвах і паказваў выдатныя вынікі.

Напэўна, спаборніцтвы для Аляксандра Журскага - гэта частка жыцця, пастаянны рост над сабой і калекцыя перамог. Бо нават на працы не абыходзіцца без умения быць хуткім, моцным, бо ліквідацыя любой надзвычайнай сітуацыі патрабуе аператыўнасці.

Вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Журскі да сваіх абавязкаў ставіцца адказна, а калегі характарызуюць яго як нешматслоўнага, сціплага чалавека, добрасумленнага і адказнага спецыяліста.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/