"Традыцыі жывая нітка"



Праект пад такой назвай рэалізоўваецца ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава. Яго кіраўнік, Ірына Уладзіміраўна Дарафейчык, расказала, што праект мае дзве мэты. Гэта развіццё мясцовага турызму праз знаёмства з фальклорнай спадчынай раёна і стварэнне і рэалізацыя вышываных крыжыкам карцін з выявамі краявідаў і адметнасцяў Дзятлаўшчыны.

У рамках праекта ў школе функцыянуе арт-цэнтр "Натхненне", распрацаваны бізнэс-план. Карціны, вышытыя вучнямі, плануецца рэалізоўваць жыхарам раёна, турыстам, наведвальнікам санаторыя "Радон".

Праект уключаецца і ў турыстычную карту, распрацаваную школьнікамі. Навучэнцы школы вырашылі знаёміць турыстаў з дзейнасцю вядомых на Дзятлаўшчыне творчых калектываў. Яны ўжо распрацавалі турыстычныя маршруты, якія прывядуць гасцей, напрыклад, у вёску Погіры, якая славіцца сваім фальклорным гуртам, або ў гарадскі пасёлак Наваельня, вядомы духавым аркестрам. Запрашаць у Дзятлава знаёміцца з фальклорнай спадчынай плануюць не толькі нашых суайчыннікаў, але і турыстаў з Літвы, Расіі, іншых краін. На карту маршрутаў нанесены таксама мясцовыя аграсядзібы, дзе могуць спыніцца госці.

Дарэчы, першыя крокі ў рэалізацыі праекта ўжо зроблены. 3 16 кастрычніка ў музеі школы № 1 ладзілася выстава "Фантазіі ўзлёт, жаночых рук тварэнне". Тут экспанаваліся вышытыя крыжыкам карціны. Свае работы прадставілі майстрыхі Вольга Міхайлаўна Старыкава, настаўніца рускай мовы і літаратуры; Надзея Міхайлаўна Абрамчык, ветэран педагагічнай працы; Вольга Уладзіміраўна Зайцава, цырульнік, мама навучэнцаў школы. На асенніх канікулах выставу змаглі наведаць вучні іншых школ раёна.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/