Святлана Салодкая: чыстая мелодыя народнай душы



Ансамбль "Свята" ведае кожны беларус. Цудоўныя народныя песні ў выкананні прафесіяналаў гучаць, як дзіўныя чары, заварожваюць, захапляюць. У ансамблі сапраўды сабраліся людзі неардынарныя, самаадданыя, сапраўдныя рупліўцы на ніве роднай культуры. Сярод іх - Святлана Аляксандраўна Салодкая. Яе па праву можна назваць душой ансамбля. ІМя гэтай спявачкі, лаўрэата шматлікіх прэмій, народнай артысткі Беларусі не сыходзіць з канцэртных афіш як у рэспубліцы, так і за яе межамі.

Я пазнаёмілася са Святланай спачатку завочна: у музеі сказалі, што ёсць такая зямлячка. Затым патэлефанавала ей, мы прыемна пагаманілі, дамовіліся, што яна перадасць ці прывязе пры зручным выпадку матэрыялы пра ансамбль і пра сябе асабіста ў музей. Мне ж хацелася атрымаць для музея сцэнічны касцюм Святланы Аляксандраўны. Яна паабяцала знайсці нешта такое ў сваім гардэробе.

Сустрэча наша адбылася летам 2018 года, на свяце горада, калі Дзятлава адзначала 520-годдзе. Святлану Салодкую запрасілі быць ганаровым госцем горада. Яна прыехала раніцай у Цэнтр культуры. Мы ўжо стаялі з выставай у фае. Святлана Аляксандраўна прывезла шмат чаго для музея: дыскі з песнямі, фотаздымкі, матэрыялы газет і часопісаў, толькі касцюма не знайшла, аднак цвёрда запэўніла, што касцюм будзе праз некаторы час.

А потым мы слухалі спявачку на плошчы. Мне давялося суправаджаць Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага, сядзець побач з ім на першым радзе і не толькі захапляцца звонкім голасам Святланы, але і бачыць кожны рух яе твару, калі жанчына спявала, звярталася да публікі. А потым са сцэныяна выйшла "ў людзі", арганізавала яшчэ і танцы.

Нарадзілася Святлана Аляксандраўна ў вёсцы Дудзічы Дзятлаўскага раёна. Жыццё з самага пачатку не пеставала яе. Бацька - інвалід Вялікай Айчыннай вайны, памёр, калі дзяўчынцы было ўсяго два гады. Засталася маці з пяццю дзецьмі: дзвюма дочкамі і трыма сынамі. Святланка вучылася ў школе, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Вывучыла шмат народных песень, спявала іх, адчуваючы неверагодную асалоду. Спяваць жа з малога ўзросту навучыла мама - Тамара Іванаўна, якая сама была актыўнай удзельніцай усіх вясковых святаў, абрадаў, вячорак. Гэта песеннае народнае багацце Дзятлаўшчыны Святлана пранесла праз усё сваё жыццё. Вучылася ў Баранавіцкім музычным вучылішчы, пасля заканчэння якога была накіравана ў Дзяржаўны народны хор імя Г. Цітовіча. 3 таго часу і звязала сваё прафесійнае жыццё з народнай песняй, прапагандуе яе на ўвесь свет.

- Песенны пласт нашага народа, бадай, самы багаты ў свеце, - лічыць Святлана Аляксандраўна. - Прапагандаваць нашу культуру трэба найперш праз песню, бо слова разам з мелодыяй, нават калі слухач не валодае мовай, даходзіць да сэрца.
У 1984 годзе пры Белдзяржфілармоніі быў створаны ансамбль "Свята", у яго запрасілі працаваць Святлану Салодкую.

Ездзячы на гастролі па Беларусі, Святлана збірала народныя песні, запісвала ад бабуль, назапашвала на магнітафонныя касеты. Найбольш яе цікавілі сямейна-абрадавыя і каляндарна-абрадавыя песні, менавіта гэты песенны матэрыял спявачка адаптавала ў сваім калектыве. Ансамбль "Свята" сёння - гэта высокапрафесійны калектыў, унікальны ў сваім родзе, актыўны прапагандыст дасягненняў культуры нашага народа, нашай роднай Беларусі і нашай малой радзімы - Дзятлаўшчыны.

Ансамбль - пастаянны ўдзельнік фестываляў мастацтваў "Беларуская музычная восень", "Мінская вясна", "Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва", "Майстры мастацтваў - працаўнікам вёскі", "Славянскі базар". Канцэрты калектыву гучаць не толькі на знакамітых музычных пляцоўках, але і ў сельскіх клубах, на палетках, дзе працуюць камбайны.

Багатая таксама і біяграфія замежных гастроляў калектыву: Карэя, Югаславія, Канада, Індыя, Эфіопія, Польшча, Германія, Аўстрыя. А ў выкананні нашай зямлячкі гучаць то горкія, трагічныя, то вясёлыя, гарэзлівыя песні. Песні як наша жыццё - сапраўдныя дыяменты народнай душы і мудрасці.

Алена АБРАМЧЫК, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/