Свята ў яблачнай Жукоўшчыне



Сталіцай яблыкаў у Дзятлаўскім раёне можна смела лічыць Жукоўшчыну, бо КСУП "Жукоўшчына" лідзіруе па вырошчванні і рэалізацыі вялікай колькасці гатунковых яблыкаў. У аграгарадку разам з Яблычным Спасам адзначаюць і Свята яблыкаў. Ў гэтым годзе Свята яблыкаў адбылося 19 жніўня. Адкрыла канцэртную праграму Тамара Ступак песняй "Яблыні ў квецені". Меладычныя і вясёлыя кампазіцыі прадставілі гасцям Алена Штэйзёль, Гражына Антановіч, Ганна Харлінская, удзельнікі дзіцячага танцавальнага калектыву "Сунічкі".

Міні-інтэрв'ю:
— Вы ведаеце якія-небудзь песні пра яблыкі?
— Да свята не ведала, а цяпер магу падпяваць, калі дзе-небудзь яшчэ пачую.

Са святам усіх павіншаваў старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык. Ён пажадаў выдатнага настрою, таксама выказаў пажаданне бачыць на свяце з кожным годам больш гасцей і ўдзельнікаў.

— У Жукоўшчыне заўсёды рады гасцям, — заўважыла намеснік дырэктара КСУП "Жукоўшчына" Алена Свіб і пажадала ўдзельнікам эстафеты ўдалых стартаў і фінішаў.

Самым эмацыянальным момантам на свяце была вясковая вясёлая эстафета. Спаборнічалі 4 каманды: КСУП "Жукоўшчына", "Вензавец", ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", санаторый "Радон".

Каманды-сапернікі прайшлі некалькі этапаў конкурсаў, дзе трэба было паказаць сябе хуткімі, спрытнымі і нават хітрымі.

Міні-інтэрв'ю:
— Хто, на ваш погляд, пераможа?
— Мне здаецца, пераможа сяброўства.

Узнагароду за першае месца атрымала каманда КСУП "Жукоўшчына" ў складзе Яўгена Кійко, Дзмітрыя Расолькі, Вольгі Аўхім, Аляксея Вайтушкі, Алёны Сантоцкай.

На другім месцы — каманда, якая ўдзельнічала ў сельскіх спаборніцтвах упершыню: ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод". Дзмітрый Радзюк, Руслан Пішчык, Сяргей Пузач, Вераніка Макарэвіч, Вольга Патапава — усе ўдзельнікі каманды выступілі годна.

Трэцім прызёрам стала каманда санаторыя "Радон", якую прадстаўлялі Віктар Пышко, Максім Маліноўскі, Павел Варган, Ірына Чулькіна, Анастасія Жэлязоўская.

"Вішанькай на торце" пасля ўзнагароджання стала ініцыятыва каманды-пераможцы КСУП "Жукоўшчына" на чале з Аленай Свіб перадаць свой прыз (валейбольны мяч і сетку) дзецям Жукоўшчынскай школы.

Міні-інтэрв 'ю:
— Вы бывалі на свяце яблыкаўу іншых месцах?
— Не, але я ўпэўнены, што лепш, чым у Жукоўшчыне, гэты дзень не святкуюць нідзе!

Зразумела, пасля эстафеты свята не скончылася. Жыхароў і гасцей Жукоўшчыны радавалі выступленні артыстаў Гродзенскай абласной філармоніі. 3 задавальненнем гледачы сустрэлі Алу Аўдзейчык. Яна прадставіла прэм'еру песні "Зязюля-варажбітка". Некалькі музычных нумароў выканалі баяніст Цімафей Сідарчук, спевакі Вольга Багдановіч, Пётр Ракуць. Пластычныя танцы прадэманстраваў танцавальны дуэт "Энігма".

Затым прайшоў майстар-клас па побытавых танцах. Удзельнікі народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры на чале з Тамарай Ступак не толька самі танчылі кракавяк, падыспань, польку, лысага, сямёнаўну, яблычка, але і запрашалі да гэтага прысутных гасцей. Жадаючыя навучыцца народным танцам хутка злавілі тэмп і скакалі ўпоравень са сваімі настаўнікамі.

На працягу ўсяго мерапрыемства на святочнай тэрыторыі ўсё нагадвала пра яблыкі: вакол размяшчаліся яблыні, малюнак кошыка, напоўненага галоўнай садавіной, упрыгожваў сцэну. Жадаючыя маглі набыць плеценыя кошыкі ў майстроў. Не абышлося і без яблычнай кулінарыі.

— Заўсёды на свята людзі рыхтуюць штосьці смачнае. Паколькі цяпер Свята яблыкаў, у нас падрыхтаваны і пірагі, і бліны, і піражкі з яблыкамі. Ёсць запечаныя яблыкі з морквай і кунжутам унутры. Мы хацелі пачаставаць гасцей, таму гатавалі ўсё самі, — распавяла кіраўнік фальклорнага калектыву вёскі Погіры Тамара Ступак. Жанчыны накрылі стол і частавалі адпачывальнікаў яблычнымі стравамі.

Для дзяцей працавалі атракцыёны, палаткі з папкорнам і цукровай ватай.

Ю. БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/