СВЯТА РЫБАКА Ў ГЕЗГАЛАХ



23 ліпеня ў пасёлку Гезгалы, каля возера, праходзіла Свята рыбака. Афіцыйнае адкрыццё было прызначана на 11 гадзін, аднак для некаторых удзельнікаў яно пачалося значна раней - у 6 гадзін раніцы.

Каля возера сабраліся аматары рыбнай лоўлі. Праўда, няшмат, 8 чалавек. Жараб'ёўкай вызначыліся з месцамі рыбалкі і пачалі закідваць вуды ды спінінгі. Паводле ўмоваў конкурсу, рыбакам патрэбна было да 10.30 налавіць найбольш рыбы. Карыстацца плаўсродкамі арганізатары забаранілі, лавіць дазволілі толькі з берага.

Найбольш удалае месца, мяркуючы па злоўленай рыбе, дасталося Дзмітрыю Пранкевічу з СВК "Русь-Агра". Журы падлічыла ўлоў Дзмітрыя: 104 плоткі і ўклейкі вагой 1 кілаграм 600 грамаў. Яго самай важкай рыбай аказалася плотка ў 50 грамаў. Дзмітрый — рыбак хоць і малады, затое заўзяты. На рыбалцы праводзіць любую вольную хвіліну. А сваю самую вялікую рыбіну — карпа ў 5 кілаграмаў 200 грамаў — ён злавіў на азярыне ў Раклевічах.

На гэтай жа конкурснай рыбалцы самай вялікай рыбінай аказаўся карась у 120 грамаў, якога злавіў гезгалаўскі рыбак Андрэй Валько. Андрэй вахтавым метадам працуе ў AAT "Мостострой" у Мінску, цяпер адпачывае, вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе. Павадкі мясцовай рыбы ведае добра:
— Гезгалаўская рыба бярэцца на піявак, на чарвяка — неахвотна. Для карпаў ёсць спецыяльны прыкорм з пахам садовых суніцаў, яны яго вельмі любяць.

Любімае месца рыбалкі ў Андрэя Аляксандравіча, рыбака з 25-гадовым стажам, возера Дзікае і Нёман. Калі не зманіў, як любяць рыбакі, то сваю самую вялікую рыбу — карпа на 9 кілаграмаў 800 грамаў — здабыў летась менавіта тут, на Гезгалаўскім вадасховішчы.
— Ёсць тут акуні, карасі, уклейкі, карпы, плоткі, ляшчы. Нават судакі і самы завяліся, — на правах гаспадара і гіда расказаў Андрэй Валько.

Аднак іншым рыбакам пашанцавала менш: у садках — па дзясятку-паўтара рыбін, а то і зусім аказаліся без улову.

Свайго лепшага рыбака — Дзмітрыя Пранкевіча прадстаўнікі СВК "Русь-Агра" віталі шчыра, але яго пераможнае пачынанне не здолелі падтрымаць. У далейшых спартыўных спаборніцтвах "Рыбак рыбака бачыць здаля" каманда СВК "Русь-Агра" разам з СВК "Слава працы" падзяліла 4-5 месцы,
аказалася па-за прызамі.

Перамогу ў рыбацкіх вясёлых стартах здабыла моладзевая каманда СВК "Жукоўшчына". За яе выступалі Вадзім Ложачнік (капітан), Вадзім Каско, Уладзіслаў Красоўскі, Анастасія Аніскевіч, Сабіна Пабядзінская. Другое месца ў рыбацкіх спартыўных спаборніцтвах заняла моладзь СВК "Граніт-Агра", трэцяе — СВК "Войневічы".

— Дзякую ўсім камандам за ўдзел, — сказаў старшыня журы Васіль Шыцько. — Стараліся ўсе: у кагосьці атрымлівалася лепш, у кагосьці — горш. Спорт на тое і спорт, што ёсць пераможцы і пераможаныя.

Каманды ў час вясёлых рыбацкіх стартаў паказалі свае вынослівасць, хуткасць, згуртаванасць. Удзельнікам давялося і бегаць у ластах, і катацца на шыне, і "варыць" юшку нават з акулы. Усіх падтрымлівалі балельшчыкі, а ў адным з конкурсаў нават ім самім давялося стаць "рыбкамі".

Традыцыйна на свяце працавалі дзіцячыя атракцыёны, прадавалі ласункі, сувеніры. Канцэртную праграму прапанавалі тэатр-студыя гульні "Прымакі" і самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/