Свята Пеўня ў Белагурне



15 ліпеня ў аграгарадку Белагурна ладзілі свята Пеўня. Яно праводзілася ўпершыню ў рамках раённага сельскагаспадарчага праекта "Дбайных гаспарароў славім — весела час бавім". Мэта праекта — папулярызацыя сельскагаспадарчай працы, сельскагаспадарчых прафесій і быту, арганізацыя культур нага адпачынку восковых жыхароў. Сімвал 2017 года — Певень - стаў нагодай, каб прыгадаць традыцыі, пахваліцца пеўнямі, паспяваць, пажартаваць, паўдзельнічаць у "пеўневых баях".

Менавіта певень стаў галоўнай узнагародай "Вясёлай сельскай эстафеты". Праўда, тут яе назвалі крыху інакш — "Вясёлы курачнік". Спартыўная эстафета традыцыйна з'яўляецца галоўнай дзеяй свята. На яе прыязджае моладзь з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Селета на свята Пеўня сабралася шэсць каманд КСУПаў "Хвінявічы", "Слава працы", "Дварэц-Агра", "Войневічы", "Белагурна" i AAT "Граніт-Агра". Хлопцам і дзяўчатам прапанавалі "курына-пеўневыя" конкурсы.

Распачалі спаборніцтвы капітаны каманд з "пеўневых баёў": хто хутчэй выпхне саперніка, падскокваючы на адной назе. Затым каманды пераносілі курыныя і страусіныя "яйкі", кармілі курачак, упрыгожвалі іх і нават "гулялі" ў хакей на траве "курынымі" яйкамі.
Мясцовыя жыхары, зразумела, жадалі перамогі сваім. Але белагурнаўцам крыху не хапіла сіл, каб прабіцца ў тройку лідараў.

Перамагла ў эстафеце "Вясёлы курачнік" каманда КСУП "Войневічы", за якую выступалі Дзмітрый Бяляўскі (капітан), Арцём Яцук, Дзяніс Скрундзь, Вікторыя Шундрык, Ульяна Пракапчук. У прызёры выйшлі прадстаўнікі ААТ "Граніт-Агра" і КСУП "Дварэц-Агра".

Для пераможцаў і прызёраў былі падрыхтаваны такія ўзнагароды, якія патрабуюць ведаў і навыкаў вясковага жыцця. За трэцяе месца дварчане атрымалі качку, за другое — гранітаўцаў надзялілі курачкай. А пераможцы — каманда КСУП "Войневічы" — павезлі дахаты пеўня.

Праўда, добра паўзірацца на прызы не ўдалося, бо былі старанна запакаваны, каб не вылецелі ды не ўцяклі. Затое на пеўняў можна было любавацца на выставе, якую зладзілі мясцовыя гаспадыні.

Аб традыцыях, звычаях, варажбе, звязаных з пеўнем, расказалі гаспадыні свята Анжэла Вабішчэвіч і Святлана Венская. Так, да прыкладу, і да нашых дзён дайшоў звычай заносіць пеўня ў новую хату, бо ён з'яўляецца захавальнікам хатняга агменю і дабрабыту. Лічылася, што да першага спеву пеўня не варта выпраўляцца ў дарогу — гэта небяспечна. На хатах, шпілях усталёўвалі выявы пеўняў, на куфры прыбівалі драўляныя фігуркі, як абярэгі ад бяды і хваробаў. Вяскоўцы верылі, што калі на падворку не будзе пеўня, то і свойская жывёла не будзе весціся, не будзе сям'я заможнай.

У час святочнай дзеі бела-гурнаўцаў запрасілі наведаць "падворак" Сымона і Марылі, пабыць сведкамі жартоўнай спрэчкі: хто важнейшы — курыца ці певень? Хоць і была гэта спрэчка паміж "мужам" і "жонкай", але так прыемна чуць родную мову — такую сакаўную і багатую! Дзякуем за гэта Андрэю Добышу і Святлане Венскай, якія выконвалі ролі Сымона і Марылі. Дзякуем і ўдзельнікам народнага тэатра гульні "Прымакі", якія прадоўжылі забаўляльную праграму.

Мясцовыя жыхары і госці свята пачулі цудоўныя беларускія песні. Са святам іх віншавалі самадзейныя артысты з Казлоўшчыны, Наваельні, Дзятлава.

Добpaга адпачынку і святочнага настрою жадалі землякам старшыня Мяляхавіцкага сельвыканкама Вера Добыш і намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце КСУП "Белагурна" Андрэй Добыш. I, мяркуючы па водгуках, свята атрымалася. Белагурнаўцы ўволю "пахварэлі" за сваю эстафетную каманду; вельмі ўпадабалі ансамбль цыганскай песні "Бахталачы" і забавы "Прымакоў"; дзятва была ў захапленні ад роставых лялек з тэатра пад кіраўніцтвам Івана Каско; нахвальвалі меню сталоўкі "У пеўніка". I галоўнае — забаўляліся да вечара.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/